Жудасны інтэрнат, у які перасяляюць сям’ю з дзецьмі, праверыла санстанцыя


СОЦЫУМ / Wednesday, July 11th, 2018

Прадстаўнік занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі прызнала, што інтэрнат на вул. Будаўнікоў, 15 не ў парадку.

11 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Некалькі дзён таму мы зрабілі відэасюжэт пра перасяленне сям’і Зубрыцкіх з іх кватэры на Заслонава, 29 у інтэрнат па вул. Будаўнікоў, 15.

Адначасова з нашым рэпартажам Вікторыя Булава, дачка Святланы Зубрыцкай, звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб разабрацца з праблемай.

Ужо 11 ліпеня ў інтэрнат з праверкай прыехала прадстаўнік Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У прысутнасці карэспандэнта mspring.online, Вікторыі Булавай і загадчыцы інтэрната Людмілы Емяльянавай, супрацоўнік санслужбы зафіксавала магчымыя парушэнні санітарных нормаў.

У каментары mspring. online яна адзначыла, што з інтэрнатамі на вул. Будаўнікоў заўсёды ёсць нейкія праблемы.

Відавочна, што ў дадзеным інтэрнаце трэба праводзіць і касметычны, і капітальны рамонт, замяняць абсталяванне ў месцах агульнага карыстання, – распавяла супрацоўніца цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

У той жа час яна адзначыла, што з яе апошняга візіту былі адрамантаваныя лесвічны пралёт і прыведзены ў парадак калідоры.

Загадчыца інтэрната Людміла Емяльянава не хацела прызнаваць відавочныя мінусы. Яна таксама выказала прэтэнзію карэспандэнту mspring.online, што ў відэасюжэце былі зазнятыя толькі негатыўныя моманты.

– Пакоі, куды іх перасяляюць [сям’ю Зубрыцкіх] ў парадку, там праведзены рамонт, – заявіла Емяльянава.

Праўда, яна так і не змагла адказаць, чаму на агульных кухнях адна з двух газавых пліт абавязкова не працуе.

– Мы закупілі новыя пліты. Паставіць іх можна хоць праз хвіліну, – сказала яна. Чаму гэта не зроблена дагэтуль, загадчыца інтэрнатам не адказала.

Падчас візіту адзін з жыхароў паскардзіўся на тое, што ва ўмывальніку заўсёды ёсць толькі халодная вада, а з-за антысанітарных умоў у падвале ў пакоях могуць заводзіцца камары і блыхі. Але галоўнае, што абурыла мужчыну, – гэта кошт інтэрнату:

У сакавіку аблвыканкам прыняў рашэнне, каб у Магілёве інтэрнаты аплачваліся цалкам. Але падняўся рэзананс і сумы перагледзелі ў бок змяншэння. Але не ў нашым інтэрнаце – «Будтрэст №12» здзірае з нас па поўнай. За свае 14 кв. м. я аплочваю летам 50 рублёў, а зімой сума даходзіць да 90 рублёў, – паскардзіўся жыхар.

Вікторыя Булава па-ранейшаму шакаваная ўмовамі, куды перасяляюць яе сям’ю. Аднак яна задаволеная, што супрацоўніца занальнага цэнтра эпідэміялогіі і гігіены зафіксавала ўмовы ў інтэрнаце:

– Будем спадзявацца, што гэта дапаможа дамагчыся лепшага жылля.

Адзін з варыянтаў ёй прапанаваў падчас асабістага прыёму 11 ліпеня намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Пархамовіч:

– На прыёме ён пагадзіўся, што ў тых умовах жыць складана, і прапанаваў варыянт з арэндным жыллём. Паводле яго слоў, чэргі на яго цяпер няма. Аднак кошт там зашкальвае – мой знаёмы плаціць за кватэру 360 рублёў. Я сказала яму, што калі я і сястра яшчэ зможам пацягнуць, то як плаціць маёй маме, якая пенсіянерка? Дык ён мне адказаў, што яна ж нас выхоўвала, значыцца, і мы можам плаціць за яе жыллё, – абураецца Булава.

Святлана Зубрыцкая разам са сваёй сям’ёй – апошнія жыхары дома №29 па вул. Заслонава. Усіх астатніх ужо перасялілі. Іх дом у 2015 годзе гарадскія ўлады і “Будтрэст №12” прызналі інтэрнатам.

У людзей на руках былі дакументы, якія даказваюць той факт, што памяшканні, у якіх яны жывуць – гэта на самай справе кватэры. Чатыры гады судоў і паходаў па розных інстанцыях ні да чаго не прывялі. Людзей, якія жылі ў доме на Заслонава дзесяцігоддзямі, рассялілі ў інтэрнаты па ўсім горадзе.

Святлане Зубрыцкай і двум яе дачкам таксама прапанавалі жыллё – з трохпакаёвага памяшкання ў 85 кв. м. ім прапанавалі перасяліцца па трох паасобным пакоях ў інтэрнат па вул. Будаўнікоў, 15. Кожны з пакояў – каля 20 кв .м, то бок сям’я страціць амаль чвэрць жылой плошчы.

Але галоўная праблема нават не ў пакоях, а ў стане самай інтэрната – адна пліта на 13 сем’яў, разбіты душ і прыбіральні, сумнеўныя санітарныя ўмовы і іншае.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *