Чаму «паляпшэнні» на беларускіх выбарах – гэта дзіч?

Ігар Лазоўскі пра тое, што ўсе «крокі ў бок дэмакратыі» у нашай краіне – глупства.

21 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Дзярждэпартамэнт ЗША вітаў «шэраг паляпшэнняў» падчас правядзення парламенцкіх выбараў у Беларусі, у прыватнасці, іх «мірны характар».

Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ ў сваім прамежкавым дакладзе сказалі пра «пазітыўныя змены» ў выбарчым працэсе, нягледзячы на «захаванне відавочных парушэнняў». Кіраўніку ЦВК Лідзіі Ярмошынай, даклад, мабыць, спадабаўся – яна нават назвала яго «збалансаваным».

Па выніках выбараў у парламент прапусцілі нават члена апазіцыйнай партыі Ганну Канапацкую і члена Таварыства беларускай мовы Алену Анісім. Гэта, як вынікае з рэакцыі дэмакратычнай супольнасці, галоўнае дасягненне электаральнай кампаніі-2016.

Гутарковая гімнастыка дорыць ўражанне глабальнага пацяплення – апазіцыю пусцілі ва ўладу, на вуліцах ніхто не збіты, Ярмошына пазітыўна адклікаецца пра АБСЕ-шнікаў, а  яны адзначаюць добразычлівасць, з якой адносілася да іх ўлада. Быццам бы цяпер лепш, чым было ў 2012-ым ці ў 2008-ым.

За кілаграмамі дакладаў і выказванняў губляецца галоўнае. Выбары – ад слова «выбіраць». Альбо яны сумленныя, і тады ў парламенце засядаюць дэпутаты, да абрання якіх пытанняў няма. Альбо яны несумленныя, і тады ў парламенце сядзяць людзі, якія трапілі туды па волі ўладаў, а не выбаршчыкаў.

Ці маглі мы фактычна ўплываць на жыццё ў краіне праз Палату прадстаўнікоў раней, пасля выбараў 2008, 2012 гадоў? А ці зможам мы зараз? Ці ўпэўненыя мы, што дэпутаты патрапілі туды дэмакратычным шляхам?

Не (хоць магчыма хтосьці і сапраўды думае, што ўсё ў нас у парадку).Так скажыце, які можа быць «шэраг паляпшэнняў», калі не памянялася галоўнае?

Можна колькі заўгодна маляваць у пустой талерцы бульбу з мясам, аднак з яе ўсё роўна наетым не будзеш.

Калі большасць людзей не ідзе на выбарчыя ўчасткі, значыць гэта іх воля. Значыць так яны ставяцца да выбараў. Калі студэнтаў і курсантаў заганяюць на ўчасткі адміністрацыйным ціскам, калі на датэрміновым галасаванні прыпісваецца яўка ў тры разы больш нармальнай, калі на даму галасуе некалькі сотняў чалавек, то зразумела, што выбараў, як працэсу, у краіне па-ранейшаму няма.

Якая назіральніку розніца, ці бачны адзін бок стала для падліку галасоў альбо не, калі ён усё роўна не разглядзіць нічога ў кучы папер? Калі працэс адкрыты, то чаму назіральнікам нельга весці фота і відэаздымку? Калі выбары сумленныя, то чаму ў склад участковых камісій па ўсёй краіне ўвайшло менш за адзін адсотак прадстаўнікоў апазіцыі?

Ды таму што тады ўсе ўбачаць, што ніякіх «крокаў у бок дэмакратычных выбараў» зроблена не было. Быў толькі пастаўлены выдатны спектакль, у якім выбарчая сістэма зымітавала выбары, у выніку чаго 108 (110?) чалавек зымітуюць дэпутацкую дзейнасць. Нам застаецца толькі зымітаваць шчаслівае і сытае жыццё, у якім галоўная страва вісіць у нас на вушах.

Меркаванне належыць толькі аднаму аўтару і не можа разглядацца як пазіцыя рэдакцыі

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў