У магілёўскім тэатры паставяць спектакль пра ахвяраў палітычных рэпрэсій


ART / Monday, July 23rd, 2018

Новы сезон драмтэатр пачне з прэм’еры па творы «Жоўты пясочак» Васіля Быкава.

23 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – “Мемарыял”


Магілёўскі драматычны тэатр аб’явіў на сваёй старонцы ў Facebook, што адкрые сезон пастаноўкай на тэму сталінскіх рэпрэсій.

«Жоўты пясочак» – гэта аповед Васіля Быкава, які ён напісаў у 1995 годзе, аб масавых забойствах у Беларусі 30- х гадоў. Ён апісаў апошнія імгненні жыцця шасці чалавек, якіх затрымалі за шпіёнскія сувязі з польскай выведкай. З іх выбілі прызнанні і вязуць у машыне на расстрэл.

Рэжысёр Каміля Хусаінава занялася аповедам Быкава яшчэ вясной падчас тэатральнага фестывалю “Март-Кантакт”. У рамках Майстэрні маладой рэжысуры яна разам з артыстамі стварыла эскіз спектакля. Праз некалькі месяцаў паўнавартасная пастаноўка будзе паказаная на Малой сцэне магілёўскага драмтэатра.

– Я люблю больш творчасць Быкава ў сувязі з тым, што я не знаёмая шырока з беларускімі пісьменнікамі. Мой спіс мог быць шырэй, чым Быкаў, Багдановіч, Цётка. Мне трэба было ў не вельмі доўгія тэрміны знайсці матэрыял беларускага аўтара, таму я ўзяла Быкава. Я не ведала гэты аповед. Калі натыкнулася – вырашыла ставіць яго, – тлумачыла свой выбар Хусаінава ў інтэрв’ю праграме «Дазвольце расказаць».

Упершыню за доўгі час у магілёўскім культурнай прасторы адрэфлексуюць тэму палітычных рэпрэсій савецкага часу. Да гэтага падобных пастановак у тэатры не было.

Спектакль Камілі Хусаінавай пакажуць 14,15 і 16 верасня а 18:30. Кошт квіткоў – 6 руб. 50 кап. і 7 руб. 50 кап. Узроставае абмежаванне – 16 гадоў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *