Праваабаронцу Барыса Бухеля ўключылі ў грамадскую камісію пры Упраўленні юстыцыі


ПРАВААБАРОНА / Wednesday, January 24th, 2018

Адпаведны загад ужо падпісаны.

24 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Сябра «Магілёўскага праваабарончага цэнтра» Барыса Бухеля ўключылі ў склад абласной грамадскай назіральнай камісіі (ГНК) пры галоўным Упраўленні юстыцыі Магаблвыканкама. Па словах праваабаронцы, ён не чакаў такога рашэння:

Калі раней мы чулі катэгарычныя адмовы, нават не спадзяваліся, то цяпер чамусьці ўлады пайшлі на лёгкую лібералізацыю. Канкрэтна прычыну ўключэння назваць не магу. Усе разам фактары склаліся, напэўна.

Начальнік Упраўлення юстыцыі Аляксандр Маймусаў падпісаў загад аб уключэнні праваабаронцы ў камісію яшчэ 12 студзеня, аднак ліст дайшоў толькі зараз. Як лічыць Барыс Бухель, сяброўства ў абласной ГНК дазволіць лепш кантраляваць сітуацыю з правамі чалавека ў рэгіёне:

– Ва Упраўленні юстыцыі ведаюць, што я не буду сядзець ціха і нікуды не лезці. Буду ўжываць усе свае веды і сачыць за тым, каб усе нормы, прапісаныя ў рэспубліканскіх і міжнародных дакументах выконваліся. Трэба імкнуцца да таго, каб правы асоб, якія знаходзяцца пад вартай, у тым ліку людзей, якія знаходзяцца ў ЛПП, дзяцей са спецустаноў выконваліся. Будзем працаваць актыўна, а там паглядзім, да чаго гэта прывядзе, – пракаментаваў праваабаронца.

Раней у склад камісіі ўваходзіў іншы член «МПЦ» Віктар Сідарэнка, аднак у 2017 годзе ён сыйшоў па ўласным жаданні.

Грамадская назіральная камісія пры Ўпраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці. Была ўтворана загадам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама 25 студзеня 2007 года.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *