«Нашы магчымасці сталі шырэй»

БСДП (Грамада) атрымала афіцыйную рэгістрацыю ў Магілёўскай вобласці.

6 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Упраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама сваім рашэннем ад 1 сакавіка зарэгістравала абласную арганізацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Да гэтага ў рэгіёне дзейнічалі толькі раённыя філіі.

Кіраўніком абласной арганізацыі БСДП (Грамада) стала былы кандыдат у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў, магіляўчанка Наталля Шкадун:

– Афіцыйная рэгістрацыя дазваляе пашырыць нам нашу дзейнасць. Цяпер мы маем поўнае права ўзаемадзейнічаць з уладамі і іншымі арганізацыямі як абласная структура. У бліжэйшых планах – ўнясенне комплексу прапаноў па Дэкрэце №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Менавіта наша партыя больш за год таму пачала актыўную працу ў гэтым кірунку, зараз мы будзем працягваць і развіваць гэтую актыўнасць. Таксама мы будзем праводзіць мерапрыемствы па бязвыплатнаму донарству крыві, – распавяла Шкадун пра бліжэйшыя планы.

Асобна палітык распавяла пра жаданне арганізацыі ўзяць удзел у распрацоўцы мерапрыемстваў да святкавання 750-годдзя Магілёва.

– Афіцыйная рэгістрацыя развязвае нам рукі. Нашы магчымасці сталі шырэй. Мы не проста будзем прапаноўваць уладам тое ці іншае рашэнне – мы будзем рабіць гэта як палітычная партыя. У сённяшніх умовах гэта важна, – падкрэсліла Наталля Шкадун.

Паводле яе слоў, зараз Магілёўская абласная арганізацыя налічвае некалькі сотняў членаў. На сёння абласныя арганізацыі дзейнічаюць практычна па ўсёй Беларусі. Выключэннем пакуль застаецца Гомельская вобласць.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў