Дом у цэнтры Магілёва, за які галадалі пяць чалавек, разбурылі (ФОТА)


СОЦЫУМ / Tuesday, June 12th, 2018

На яго месцы будзе прыгожы газон.

11 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


11 чэрвеня ў цэнтры Магілёва знеслі трухлявы будынак на пешаходнай вуліцы Ленінскай, 59.

Фотаздымкі апошняй ночы знесенага дома апублікаваў Аляксей Гаўрыленка у сваім Instagram.

 

Будынак быў пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя, аднак статусу гісторыка-архітэктурнай каштоўнасці не меў.

Разам з тым будынак звязана з гучнай гісторыяй. Вясной 2015 года пяцёра жыхароў дома абвясцілі галадоўку, каб іх не выселілі з памяшканняў. Яны лічылі, што магілёўская ўлада спрабуе іх падмануць. Згодна з пазіцыі гарвыканкама і будтрэста №12, будынак па Ленінскай, 59 заўсёды ўваходзіў у разрад інтэрнатаў.

У той жа час у жыхароў на руках былі дакументы, якія даказвалі, што памяшканні, якія яны займалі – гэта кватэры.

Напачатку 2014 года дом прызналі аварыйным. Жыхарам, якія да гэтага займалі кватэры па 40-60 кв. метраў, вылучылі пакоі ў інтэрнатах з разлікам 6 кв. метраў на чалавека. Юрыст Алена Барысава,якая дапамагала жыхарам дома, не выключала карупцыйнай схемы, у якой былі замяшаныя улады.

У траўні 2015 года пяцёра жыхароў абвясцілі галадоўку. Яны трывалі пяць сутак. На пяты дзень да пратэстоўцаў прыйшлі чыноўнікі з гарвыканкаму і аблвыканкаму. У выніку жыхары пагадзіліся на пакоі ў інтэрнатах.

Праз тры гады будынак усё жі знеслі. На яго месцы плануецца газон. Затым павінны пабудаваць элітны жылы дом, у ніжняй частцы якога размесцяцца крамы.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *