«Беларускім перакладчыкам прыходзіцца аб’ядноўвацца»


ART / Friday, December 15th, 2017

У Магілёве прадставілі тры серыі кніжных перакладаў.

15 снежня. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


У рамках праекта «Пяцісотгоднасць» у магілёўскім цэнтры “Кола” выступілі чатыры беларускіх перакладчыка – Марыя Мартысевіч, Ігар Крэбс, Ганна Янкута і Аляксей Знаткевіч. Яны прадставілі серыі перакладаў «Postscriptum», «Паэты планеты» і «Амерыканка».

Па словах Мартысевіч, у Беларусі склалася сітуацыя, калі перакладчыкам на нацыянальную мову прыходзіцца аб’ядноўвацца ў групы:

– Атрымліваюцца такія серыі, на якія мы часцяком самі шукаем фінансаванне, паколькі з боку дзяржавы ніякай дапамогі практычна няма, – адзначыла дзяўчына.

Перакладчык Ігар Крэбс распавёў, што выйсцем можа быць выданне кніжак невялікага фармату, як, напрыклад, зроблена ў серыі «Паэты планеты».

– Нашы кніжкі часам называюць нават «бонсцікамі», таму што яны ўсе розныя, кішэнныя і зробленыя ў адным стылі, – пажартаваў Крэбс, пасля чаго зачытаў некалькі твораў.

Аўтараў для перакладаў спрабуюць брацца класічных. Такі адбор тлумачыцца проста – у сучаснікаў складана атрымаць дазвол на пераклад, распавяла Ганна Янкута.

Яна прадставіла беларускую версію «Піцер Пэна» – кнігу, якую яна, па яе словах, ненавідзела ў рускай адаптацыі.

Аднак у арыгінале аказалася, што ў перакладзе проста адсутнічалі многія цікавыя моманты, губляліся жарты. З перакладам на беларускую я адкрыла гэтую кнігу для сябе наноў, – падзялілася Янкута.

У самым канцы апошнюю навінку з серыі «Амерыканка» – «Палёт над гняздом зязюлі» – прадставіў перакладчык Аляксей Знаткевіч.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *