«Справа БелТА» – поўная недарэчнасць. І вось чаму


[:by]Гісторыі[:] [:ru]Истории[:], ПРАВААБАРОНА / Thursday, August 9th, 2018

Акуловіч звалілася ніжэй за плінтус – з разумнай гаспадыні магілёўскага ТБ яна ператварылася ў жанчыну на мінскіх пабягушках.

9 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара.

Трэці дзень запар Следчы камітэт трасе журналістаў і рэдактараў прыкметных СМІ – TUT.BY, Realt.by, газеты «Беларусы і рынак», Deutsche Welle. Сёння была затрыманая галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына.

Усё пачалося з аднаго чалавека – дырэктарка Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч напісала заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы з-за крадзяжу інфармацыі з платнага акаўнта на сайце БелТА. Праўда, сама яна дакладна не ведае, хто, колькі і калі скраў з сайта агенцтва. З гэтага моманту праўладныя журналісты і сілавікі спрабуюць выставіць «справу БелТА», як банальны крадзеж інтэлектуальнай уласнасці.

Хлопцы, come on, давайце пройдземся па загалоўках хоць бы апошніх навін (9 жніўня):

У Бішкек паставілі 37 тралейбусаў беларускай і расійскай вытворчасці

Льготы для бізнесу пры адкрыцці магазінаў даступныя на 77% сельскіх тэрыторый Мінскай вобласці

Рэгістрацыя беспрацоўных з ліку моладзі ў Беларусі штогод скарачаецца  Мінпрацы

Навукоўцы лічаць неабходным павялічыць у Беларусі пасяўныя плошчы азімага жыта

Камандзе Беларусі ўручаны Кубак пераможцаў конкурсу “Снайперскі рубеж”

Мінская фірма па продажы аўташкла ўхілілася ад выплаты Br87 тыс. падаткаў

Каля 17,7 тыс. беларускіх школьнікаў у I паўгоддзі змаглі падпрацаваць у вольны ад вучобы час

Законапраект аб арганічнай прадукцыі будзе разгледжаны дэпутатамі на восеньскай сесіі

На хвіліначку, у агенцтве працуе больш за дзвесце чалавек. Дзвесце чалавек гараць на працы, каб мы даведаліся пра 37 тралейбусаў, адпраўленых у Кыргызстан і аб неабходнасці павялічыць колькасць азімага жыта.

Такая вось постіронія – журналістаў і рэдактараў прэсуюць за крадзеж навін, якія з’яўляюцца чым заўгодна, але толькі не навінамі. Матэрыялы з платнай падпіскі, у крадзяжы якіх абвінавачваюць рэпарцёраў, нічым не адрозніваюцца ад асноўнай стужкі. У падпісцы яны проста выходзяць хутчэй. Што, вядома, выгадна СМІ, якія любяць папісяць аб бішкекскіх тралейбусах.

TUT. BY і БелаПАН, здаецца, да такіх выданняй не адносяцца. Іх рэпарцёры, асабліва затрыманыя Следчым камітэтам, выдатна разумеюць, што з’яўляецца навіной, а што – не. Менавіта таму складана на поўным сур’ёзе ўспрыняць абвінавачванні іх у крадзяжы інфармацыі.

Справа мае відавочную палітычную падаплёку. TUT і БелаПАН – безумоўныя лідэры па вытворчасці унікальнай інфармацыі. Большасць з таго, што вы чытаеце кожны дзень – гэта альбо рэгіянальная інфармацыя невялікіх мясцовых рэдакцый, альбо крымінальная хроніка ад сілавых структур і МНС, альбо TUT з БелаПАН. Усе астатнія, у асноўным, капіююць матэрыялы адзін у аднаго.

Вядома, следства яшчэ абавязкова разбярэцца, хто, чаго і колькі скраў у БелТА. Але даверу да следчых, якія заўзята пахапалі і кінулі ў камеры жанчын-журналістак, мала.

У сукупнасці, уся сітуацыя выглядае такім чынам, што ўлада вырашыла прарэдзіць незалежных журналістаў, задаволіўшы вайнушку “БелТА супраць усіх”. І тут ключавую ролю адыграла Ірына Акуловіч.

Вы напэўна ўжо чыталі дзесяткі матэрыялаў з разраду «Топ фактаў пра дырэктарку БелТА ». Аднак у гэтых падборках мала падкрэслена галоўная дэталь: Акуловіч – рэальна прафесійны журналіст.

Будучы дырэктарам «Тэлерадыёкампаніі Магілёў», яна першай выбіла рэгіянальны тэлеканал «Беларусь 4». Усе астатнія абласныя цэнтры падключыліся потым.

Яна досыць прафесійна вяла на ТБ «інфармацыйна-аналітычную праграму “Днямі”», робячы з яе ніштаваты прапагандысцкі прадукт.

Нарэшце, яна ўмела выкалачвалі грошы з розных выканкамаў на тэлепраекты, з чаго «Беларусь 4 Магілёў» шмат у чым корміцца.

Уменне дамаўляцца – адзін з наймацнейшых бакоў Акуловіч. У «справе БелТА» гэты бок кудысьці адваліўся. Замест спроб дамовіцца, замест суда, Ірына Барысаўна асабіста ўзяла на сябе адказнасць за вайну з іншымі медыя.

Яна патлумачыла напісанне сваёй заявы тым, што не ведае, хто менавіта краў навіны БелТА. Але дазвольце, калі вы самі выдаеце паролі, адсачыць, праз каго ішла інфармацыя, лёгка. Тым больш кліентаў у тэлеграфнага агенцтва не шмат – у асноўным дзяржаўная прэса.

Ірына Акуловіч на БелТА ўсяго некалькі месяцаў. Гэта занадта кароткі тэрмін, каб чалавек са здаровай галавой адразу пачаў раскідвацца крымінальнымі заявамі ў бок сваіх калегаў-канкурэнтаў.

Нажаль, Ірына Акуловіч выдатна разумее, што яе выкарыстоўваюць. Што горш за ўсё – яна на гэта згодная. Што яшчэ горш, верагодна, гэта і быў кошт за крэсла дырэктаркі БелТА.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *