Магілёвец заявіў, што ўлады «распілавалі» грошы на пабудове корпуса БРУ


АКТЫВІЗМ, УЛАДА / Tuesday, January 16th, 2018

Аляксей Паўлоўскі лічыць, што дзясяткі тысяч даляраў сышлі ў невядомым накірунку. І прыводзіць дакументы ў якасці доказаў.

16 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Актывіст паскардзіўся ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь на мясцовыя ўлады. Паўлоўскі абвінаваціў дзяржаўныя органы ў крадзяжы сродкаў, шкодніцтве і сабатажы пры ўзвядзенні корпуса Беларуска-Расійскага універсітэта. Будаўніцтва вучэбна-лабараторнага комплексу пачалося яшчэ ў 1991 годзе. Аднак грошай не хапае не тое, што на дабудаванне – нават на кансервацыю аб’екта. На гэта ўвесь час спасылаюцца чыноўнікі.

Аляксей ж сцвярджае, што грошы былі. Шмат. Але вось куды яны зніклі – невядома.

– Я ўжо шмат гадоў змагаюся за тое, каб будаўніцтва было завершана. Калі я звяртаўся вясной 2016 года ў Магілёўскі аблвыканкам, намеснік старшыні Валерый Малашка адказаў, што дзякуючы дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме на кансервацыю аб’екта было выдзелена 600 млн. Недамінаваных рублёў, – распавядае Паўлоўскі, дэманструючы копіі адказаў. – Але калі я звярнуўся да рэктара БРУ, ён мне напісаў, што на кансервацыю грошы не вылучалася. Гэта ён адказаў у снежні 2017 года. Але ж зусім дакладна вядома, што фінансы былі. Куды яны падзеліся?

Канчаткова ў сваёй праваце Аляксей Паўлоўскі пераканаўся, калі прыйшоў паглядзець на аб’ект:

Я ўбачыў, што там разбіраюць падвальныя памяшканні, так званы нулявы цыкл. Месца, дзе павінен быў быць басейн і спартыўная пляцоўка, разбіраецца. Мне ўдалося дастаць лакальны каштарыс дэмантажных работ. Там пазначана, што кошт дэмантажу – 21 896 рублёў. Каля 10 тысяч долараў. Гэта значыць спачатку аб’ект будавалі, а пасля, замест кансервацыі, вырашылі разабраць. І на гэта таксама спатрэбіліся і, галоўнае, знайшліся грошы.

Паўлоўскі кажа, што яму шкада універсітэта, які такімі тэмпамі, на думку актывіста, хутка проста разваліцца:

– Куды падзеліся 600 мільёнаў рублёў, амаль 30 тысяч даляраў, вылучаных на кансервацыю? З чаго раптам прынялі рашэнне бурыць будынак, якое нават не паспелі дабудаваць? Пры гэтым, паводле адказу рэктара БРУ Ігара Сазонава, карэкціроўка ўсяго праекта каштавала 236 867 рублёў. Гэта бешенные грошы, а корпус ўсё больш знаходзіцца ў гаротным стане.

Ён упэўнены ў сваёй правасці і спадзяецца, што Генеральная пракуратура не спусціць справу на тармазах.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *