Пасля інцыдэнту з калоніі этапавалі не 30 чалавек, як мы пісалі раней, а каля 60. І па артыкуле 411 КК ўсё ж ёсць асуджаныя дадаткова.

25 ліпеня. Саша Мінько. Магілёў. Усе фота – intex-press.by

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых Інтэрнэт-крыніцах, узгадванне сайта MSPRING.ONLINE з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязковае ў першым абзацы!


Матэрыял магілёўскага часопіса аб правах чалавека MSPRING.ONLINE, прысвечаны расправе над меркаванымі удзельнікамі пратэсту супраць самавольства адміністрацыі калоніі, апынуўся рэзанансным. Бацькі пацярпелых сталі тэлефанаваць у рэдакцыю, каб удакладніць і дапоўніць інфармацыю. Мы вырашылі раскрыць некаторыя іхныя сведчанні.

По волчьи выть. Кажется, после бунта в колонии «Волчьи норы» бунтовщиков массово вывезли в Могилёв

Нагадаем, усё пачалося ў ноч з 3 на 4 лістапада мінулага года, калі зняволеныя папраўчай калоніі №22 «Воўчыя норы» ў Івацэвічах зладзілі пратэстную акцыю з-за невыносных умоваў утрыманьня, створаных адміністрацыяй, і рэзкага павелічэння колькасці дысцыплінарных спагнанняў. Адным з вінаватых у той сітуацыі, як і цяпер сведчаць бацькі асуджаных, лічаць новага намесніка начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы (РАП) Валянціна Столяра.

Адміністрацыя прадказальна адказала рэпрэсіямі. Раней з розных крыніц паступіла інфармацыя, што не менш за 30 чалавек былі вывезены з калоніі і этапаваныя праз Баранавіцкую перасылку у Магілёў (турма №4 і калонія №15) і Жодзіна (турма №8). Аднак зараз сталі вядомыя новыя падрабязнасці. Колькасць пакараных за інцыдэнт, хутчэй за ўсё, перавышае 60 чалавек.

ПАЛІЧЫЦЕ ЭТАПЫ

Дакументальна ўстаноўлена, што адзін з этапаў адбыўся 5 снежня мінулага года і складаўся з 12 асуджаных, сярод якіх быў Раман Багданаў. Яго кейс цікавы тым, што хлопец правёў у адзіночнай камэры чатыры месяцы. Такая ж доля чакала Піліпа Хромава, які з Івацэвічаў прайшоў транзітам праз наваполацкую калонію і асеў у жодзінскай турме №8 на бліжэйшыя тры гады. Вядома, што беспрэцэдэнтны ціск аказваўся і на Мікіту Доўгаля, хлопец занадта доўгі час прасядзеў у штрафным ізалятары (ШІЗА).

Маці асуджаных па артыкуле 328 КК «Незаконны абарот наркотыкаў» зафіксавалі па датах яшчэ тры падобных этапы: два з іх адбыліся раней, а апошні быў адпраўлены 28 снежня. Агульная колькасць этапаў пакуль не вядома. Арыенціровачна бацькі ацэньваюць колькасць пакараных за бунт больш, чым у 60 чалавек. Аднак лічба можа быць і большай. Часцяком самыя жорсткія расправы чыняцца супрацоўнікамі ДВП над сіратамі, за якіх няма каму заступіцца.

Напрыклад, у Кірылы Марозава з родных засталася толькі маці, якая моцна п’е. Па сутнасці, ён сірата і апынуўся пасля этапу ў жодзінскай турме без якой-небудзь апекі. Маці іншых арыштантаў спрабавалі пісаць скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) і ад яго імя, на што атрымлівалі адпіскі ў цалкам законным духу «вы не з’яўляецеся яго законным прадстаўніком».

ХІТРЫЯ СХЕМЫ ДВП І «РАСКРУТКІ ПА 411-Й»

Кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў пры этапаванні няўгодных з «Воўчых нор» выкарыстала досыць хітрую схему, каб збіць з панталыку бацькоў і схаваць рэальныя маштабы бунту і наступных рэпрэсій. Акрамя згаданых намі раней магілёўскай калоніі №15, турмаў №4 і №8, у маршруты этапавання былі ўключаныя таксама Наваполацкая калонія №1, Бабруйская калонія №2, Віцебская ПК-3 “Віцьба». Вядома, што частка няўгодных бунтароў асела нават у папраўчай калоніі асаблівага рэжыму №13 у Глыбокім – гэта самая суровая беларуская ПК, дзе ўтрымліваюцца людаеды (у літаральным сэнсе, маецца кейс «пажыццёвіка» 90-х гадоў) і забойцы.

Напрыклад, у Глыбокае трапіў асуджаны па прозвішчы Жукаў. Вядома, што менавіта яго, як кажуць арыштанты, «раскруцілі па 411-ай». Па артыкуле 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» ён быў дадаткова асуджаны да 1 году і 2 месяцаў пазбаўлення волі. Вядома, што па гэтым артыкуле, за адмену якога выступаюць праваабаронцы, асуджаны, як мінімум, яшчэ адзін этапаваны з івацэвіцкай ПК-22.

Маці асуджаных лічаць, што ўмовы ўтрымання ў івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы» і сёння можна смела прыраўняць да канцлагеру. Па-ранейшаму, па іх словах, там лютуе намеснік па РАП Валянцін Столяр, а начальнік калоніі Андрэй Квашэвіч, які супакоіў бунт простым наведваннем усіх баракаў, нічога з ім зрабіць не можа. Па адной з версій, Валянцін Столяр, будучы яшчэ зусім маладым чалавекам, прэтэндаваў на больш высокую пасаду, але не атрымаў яе і таму моцна перажывае.

ЦІ НЕ КАНЦЛАГЕР У ЦЭНТРЫ ЕЎРОПЫ?

У прыклад прыводзіцца кейс Іллі Бараноўскага. Хлопец, як і большасць фігурантаў справаў па «наркатычным» артыкуле 328 КК, быў арыштаваны ў 18-гадовым узросце. За незаконны абарот наркотыкаў ён быў асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі. Яго віну ніхто не ставіць пад сумнеў, аднак умовы ўтрымання юнака выклікаюць здзіўленне.

У Крымінальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусі ёсць артыкул 7, які называецца «Выпраўленне асуджаных і яго асноўныя сродкі». У ім прапісана, што пакаранне мае на мэце выпраўленне асуджаных і папярэджанне здзяйснення злачынстваў. Выпраўленне асуджаных – гэта фарміраванне ў іх гатоўнасці весці правапаслухмяны лад жыцця.

Асноўнымі сродкамі дасягнення такіх мэтаў, акрамя турэмнага парадку, з’яўляюцца выхаваўчая праца, грамадска карысная праца, атрыманне асуджаным адукацыі, грамадскае ўздзеянне.

А на практыцы з трох з паловай гадоў ужо адбытага свайго тэрміну Ілля Бараноўскі тры гады правёў ва ўмовах крытай магілёўскай турмы №4. Гэта значыць, практычна адразу пасля траплення ў ПК-22 падлетка абвясцілі злосным парушальнікам рэжыму і адправілі ў самыя жорсткія ўмовы.
Увесну гэтага года ён вярнуўся ў івацэвіцкую калонію «Воўчыя норы», але практычна адразу быў адпраўлены ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), дзе правёў чатыры месяцы. У дадзены момант на 23-гадовага хлопца зноў рыхтуюць дакументы, каб яго вярнуць у турму яшчэ на тры гады.

Каб трапіць пад такія рэпрэсіі, сцвярджаюць актывісткі руху “Маці-328”, трэба атрымаць прыкладна 40 спагнанняў за месяц, а гэта трэба ўмець. Альбо трэба мець прадузятае стаўленне з боку намесніка па РАП.

Бацькі не разумеюць, навошта так трэціраваць іх дзяцей, якія трапілі ў турму практычна адразу пасля школы. Відавочна, што пасля такога «выпраўлення» у калоніі чалавек да нармальнага жыцця ўжо не вернецца ніколі. Саджаючы 18-гадовых на шэсць гадоў у крытую турму, дзяржава сама рыхтуе сабе монстраў.