Супрацоўнікі міліцыі налажалі ў пратаколах, таму суддзя адправіла іх на дапрацоўку.

26 верасня. Магілёў-Бялынічы. Алесь Святліцкі / На фота – Дар’я Чульцова


Журналістка-фрылансер Дар’я Чульцова паведаміла, што суд у Бялынічах па яе адміністрацыйнай справе не адбыўся.

Магілёўскую журналістку будуць судзіць за рэпартаж пра Андрэя Кунцэвіча

Чульцову абвінавачваюць у тым, што яна зрабіла незаконны відэарэпартаж «Новы галоўны ідэолаг Андрэй Кунцэвіч». Сюжэт быў паказаны 22 жніўня ў эфіры тэлеканала «БелСАТ», журналісты якога цягам доўгіх гадоў падвяргаюцца пераследу з боку беларускіх уладаў.

У матэрыялах адміністрацыйнай справы, у прыватнасці, пазначана, што Чульцова праводзіла інтэрв’ю з людзьмі ў бялыніцкай сярэдняй школе №1 і незаконна вырабіла прадукцыю СМІ, што парушае ч.2 арт. 22.9 КаАП.

Суддзя Аксана Загорская пасля азнаямлення з матэрыяламі справы адправіла іх на дапрацоўку назад у Бялыніцкі РАУС.

У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння было пазначана, што Чульцова брала каментары ў людзей у бялыніцкай СШ №1 з 17 да 18 гадзін. Але адна са сведак заявіла, што яе інтэрв’юіраванне праходзіла а 18:30 у яе дома.

Акрамя таго, міліцыя пазначыла ў матэрыялах справы няправільныя прозвішчы, у тым ліку і прозвішча Чульцовай – яе супрацоўнікі РАУС абазвалі «Цульцовай».

Мяркуючы па ўсім, з распазнаннем людзей у беларускай міліцыі сапраўды дрэнна – фрылансера Міхаіла Аршынскага, у дачыненні да якога таксама вядзецца адміністрацыйны працэс па гэтай жа справе, тыдзень таму зблыталі з праваабаронцам Сашам Бураковым і ўручылі позву не таму чалавеку.

Фееричное фиаско могилевской милиции: назвали человека чужим именем и заставили его расписаться в чужой повестке ВИДЕО

Суд у дачыненні да Дар’і Чульцовой адбудзецца пасля таго, як міліцыя выправіць матэрыялы справы.