У Магілёве адбылася прэм’ера фільма «Не гульня». Калі ласка, беражыце дзяцей


ART / Thursday, April 12th, 2018

«Беларусьфільм» і Міністэрства абароны стварылі безгустоўнага монстра, і школьнікаў на гэтага монстра ўжо заганяюць.

12 красавіка. Магілёў. Кінатэатр “Радзіма”. Аляксандр Райкан


Амерыканец Джон Уілсан аказаў сусветнаму кінематографу велізарную паслугу. У 80-х ён склікаў калегаў на «шведскі стол» у сваім доме. У адзін з такіх вечароў у 1981 годзе ён вырашыў паказаць горшыя, на яго погляд, карціны, якія выпусцілі ў ЗША. З вячорак нарадзілася кінапрэмія «Залатая маліна», якую штогод ўручаюць самым дрэнным фільмам, акцёрам і акторкам.

Праз 37 гадоў у маленькай краіне пасярод Еўропы і Расіі выходзіць стужка, якая ніколі не будзе прызнаная Джонам Уілсанам горшай. Амерыканец яе проста ніколі не ўбачыць.

У гэтым пашанцавала магілёўскім школьнікам, якіх масава сагналі на прэм’ерны паказ “Не гульні» у кінатэатр “Радзіма”. Яшчэ за дзве гадзіны да старту на сайце электроннага браніравання не было набыта ніводнага квітка. За дзесяць хвілін да пачатку апынулася выкупленай амаль уся зала.

Настаўнікістаялі ў чарзе, куплялі адразу па дваццаць білетаў і адводзілімаладоепакаленне ў залу.Калі я спытаў у касіркі, ці ёсць вольныя месцы, яна таямніча патлумачыла, што квіткі яшчэ ёсць, а вось месцаў у зале можа не апынуцца.

Атрымалася, што школьнікаў сагналі занадта шмат, – кінатэатру прыйшлося выстаўляць крэслы, каб змясціць усіх жадаючых. Мне таксама прапанавалі заняць зручнае офіснае крэсла, але я ветліва адмовіўся, спаслаўшыся на квіток, у якім было пазначана месца і шэраг. У выніку мяне ўсё ж пасадзілі ў сярэдзіне залы.

Пазней сюды падышлі некалькі жанчын і мужчын ў ваеннай форме. Гэта быў ідэолаг абласнога ваенкамата Сяргей Блашкоў, які перад фільмам пяць хвілін распавядаў дзяўчынкам і хлопчыкам пра значэнне арміі. Прадставіла яго вядучая, якая вырашыла пагуляць з дзецьмі ў гульню «Хто ж такі сапраўдны мужчына»:

Узброеным сілам Рэспублікі Беларусь споўнілася сто гадоў! Гэты дзень лічыцца сапраўды ўсенародным святам. Як горда гучыць слова “мужчына”. А пра што яно гаворыць? Хлопчыкі і дзяўчынкі, давайце вызначым, мужчына – гэта што? Я пачну, мужчына – гэта адвага. А вы як думаеце?

– Адвага!

– Шчодрасць!

-Абаронца!

Малайцы! Самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці – гэта мір і спакой. І ўсё гэта ахоўваюць людзі, для якіх гэта святы абавязак перад сваёй сям’ёй і сваёй айчынай.

За гэтымі словаміна вялікім экране кінатэатрапаляцелі ііпачалістраляцьсамалёты, запусціліся  ракеты,пачалі пераадольваць бруд танкі і БТР. Міністэрству абароны не хапіла “Не гульні», таму яно палепшыла паказ агітацыйным аперытывам.

На перадпаказныя рытуалы патрацілі каля дваццаці хвілін. За гэты час адна з настаўніц, якая сядзела на падстаўных крэслах, злым шэптам вымаўляла сваёй калезе пра тое, як ёй надакучыла марнаваць час і грошы на падобныя культурна-ідэалагічныя мерапрыемствы. Балазе, што «Не гульня» абышлася дзецям іх настаўнікам адносна танна – па 2 рубля за месца.

Зрэшты, каб акупіць фільм, яго павінны ўбачыць платна ўсе школьнікі Беларусі. Па дадзеных «Беларусьфільма», на выраб гісторыі пра танкі і войска сышло 900 тысяч даляраў. Грошы выдзелілі з дзяржаўнага бюджэту.

Ён лічыцца малабюджэтным, хоць за такую ж суму Джон Элвідсэн зняў культавага «Рокі», а на «Вар’яцкага Макса» Джорджа Мілера грошай спатрэбілася нават у два разы менш. Абедзве карціны ўзарвалі свет, але з «Не гульнёй» так не выйдзе. Адчуваючы фіяска, рэжысёр карціны Дзяніс Скварцоў папрасіў, каб яго не паказвалі ў тытрах.

Жанр стужкі быў пазначаны як «драма», але драматычным было толькі тое, што мне давялося глядзець фільм да канца. “Не гульня” пачынаецца з панарамнага віду на Мінск. Галоўны герой голасам вожыка пад спайсамі разважае пра тое, што такое сапраўднае жыццё і ў чым крыецца сіла чалавека. Добрая навіна ў тым, што, паглядзеўшы стартавыя дваццаць секунд, глядач павінен з фільмам заканчваць, паколькі ў астатнія два гадзіны нічога новага ён ў “Не гульні” не возьме.

Сцэнар кінастужкі зроблены прыкладна з таго ж матэрыялу, з якога вядомы якуцкі скульптар робіць свае шэдэўры. Галоўны герой Аляксей, які заляцаецца за бялявай красуняй з тонамі пудры на твары, чуе ад яе, што ён «батанік», і вырашае для натхнення схадзіць у войска. Там ён думае знайсці свежыя ідэі, якія дазволяць яму скончыць танкавую гульнявую стратэгію.

Фільм прасякнуты маскуліннасцю і стэрэатыпамі – мама ўпрошвае сына застацца дома, грозны вусаты баця моўчкі адбірае ў яе сынаў заплечнік і ўручае яго будучаму абаронцу айчыны.

Пасля гэтага галоўны герой тармозіць таксі – «дзявятку» «Жыгулёў», якія і ў Магілёве ўжо як таксі даўно не выкарыстоўваюцца – i просiць што ёсць сілы гнаць у ваенкамат. Ліхачоў тармозіць міліцыю і акуратна выцірае тварам Аляксея праезную частку. Пазней гэтыя ж супрацоўнік і МУС падкінуць Лёшу да ваенкамата.

У камісарыяце ён знаёміцца са сваімі будучымі калегамі і начальнікам. Начальнік клапоціцца ўвесь фільм пра салдат нібы мама. Яго літаратурная гаворка можа ўразіць нават настаўніка рускай мовы – настолькі ён выбарчы ў выказваннях. Намёку на мат – не, на нестатутныя адносіны – не. Нават у Пячах да герояў стужкі ставяцца ласкава. Салдаты ціснуць прэс, а іх камандзір клапатліва размаўляе з імі цытатамі з «Аднакласнікаў»:

– У каго не атрымліваецца той абавязкова навучыцца!

У арміі на экране няма мата, поту, крыві, нестатутных адносін, алкаголю і нават армейскіх прыколаў, якія зрабілі легендарным фільм «ДМБ».

Самай сумленнай часткай стужкі з’яўляецца вайсковая ідэалогія, якая заснавана яшчэ на савецкай арматуры. Яе рэпрэзэнтуюць праз сякерны сімвалізм – вось галоўнаму герою выдаюць вайсковую форму з рамянём, на бляшцы якога серп і молат, вось салдаты цягнуць з багны танк часоў Другой Сусветнай вайны, вось Аляксей ўпадае ў флэшбэкі, як зласлівыя немцы падбілі такога ж, як ён, пацана на гэтым танку ў ліпені 1941-га года.

– Мы заўсёды павінны памятаць, чые мы ўнукі, – кажа адзін з камандзіраў Аляксея.

– Пераможцаў, – усміхаецца галоўны герой.

Каб дадаць у фільм хоць штосьці беларускае, стваральнікі пайшлі на маскарад: галоўны герой без якіх-небудзь перадумоў зачытвае прысягу на беларускай мове. Пальцы гледачоў шчыміць вечка раяля ў кустах. Наступны раз, калі мы чуем мову, перад намі маршыруюць невядомыя салдаты, якія спяваюць на беларускай. Скупая сляза патрыятызму высыхае хутка – больш адсылак да нацыянальнага ў фільме няма. Магчыма, гэта нават да лепшага.

Самая феерычная сцэна фільма – гэта сон Аляксея, у якім ён бачыць тую самую бялявую красуню, з-за якой пайшоў у войска. Гераіня спрабуе сэксуальна камячыць твар далонямі і танчыць на стале, нібы мае парушэнні апорна-рухальнага апарата. Вакол яе лётаюць ракеты, самалёты, у нагах ездзяць вайсковыя джыпы і танкі. Для дзяржавы, якая абвясціла татальную вайну наркотыкам, такія сцэны ў кіно павінны выглядаць правакацыяй. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што акторка, якая згуляла гераіню, была не горшай. Усе згулялі прыкладна на адным узроўні – узроўні дрэў з Пячэрскага лесапарку.

Кульмінацыяй стужкі становяцца вучэнні, якія падаюцца гледачам, нібы пачатак Трэцяй Сусветнай вайны. Тры танка павінны даехаць да патрэбнай лініі за дваццаць хвілін. Ім перашкаджаюць умоўныя ворагі з фанеры і бяздушны генерал, які загадвае адключыць сувязь паміж экіпажамі. Нягледзячы на гэта, салдаты доўг выконваюць. Аляксей за рулём танка дасягае катарсісу:

Сіла духу аб’ядноўваецца з сілай краіны. Я стаў часткай той сілы і спакою, якое нясе ў сабе армія.

У гэты час на камандным пункце стаіць задаволены генерал, які рады, што экіпажы гатовыя выканаць загад любым коштам:

Вось так трэба ваяваць, – усміхаецца ён.

Ваяваць трэба – усміхаецца фільм ўсім гледачам. На культ сілы і самаадданага служэння радзіме нанізваецца ўсё астатняе – сцэнар, гульня акцёраў, аператарская праца. Заўтра краіна можа ваяваць, але нічога страшнага – салдаты адважныя, а тэхніка – хуткая.

12 красавіка у Магілёве “Не гульню» убачыў цэлая зала школьнікаў, якіх сагналі туды з самымі добрымі намерамі. Магчыма, на наступны дзень «Радзіма» таксама будзе поўная. Школьнікам, гэтым маленькім будучым салдатам, зноў раскажуць, што сапраўдны мужчына той, хто служыць у войску. Той, хто можа забіваць. Той, хто гатовы выконваць загады генерала.

Беражыце сваіх дзяцей.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *