Міліцэйскі аўтазак і КДБ-шная “Волга: што прадаюць магілёўскія сілавікі


НЕЗВЫЧАЙНАЕ, СОЦЫУМ / Monday, September 25th, 2017

У жніўні ГУУС Мінска абвясціў аб продажы аўтазака і яшчэ некалькіх машын. У верасні распродаж старой тэхнікі наладзілі і магілёўскія ўпраўленні КДБ і МУС. Мы паглядзелі, што яны прапануюць.

25 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Няма нічога лепш, чым прыгожа пад’ехаць пад вокны каханай (ці каханага) на былой КДБ-шнай «Волзе» або зладзіць вечарыну ў міліцэйскім аўтазаку. У Магілёве гэта больш чым рэальна – у каталогу «Белспецкантракт» ёсць адразу некалькі варыянтаў для пакупкі.

Адным з апошніх на продаж УУС Магілёўскага аблвыканкама выставіла міліцэйскі аўтазак (машына для перавозкі зняволеных). За ГАЗ-3309 2007 года выпуску абласное ўпраўленне міліцыі просіць 4400 рублёў. Праўда, знос машыны ацэньваецца ў 90%, а прабег складае 121 тысячу кіламетраў.

Таксама міліцыя прадае адразу некалькі УАЗаў. Сярод іх дзве вядомыя «буханкі» УАЗ-39099 і патрульны УАЗ 31519. Напрыканцы 00-х-напачатку 10-х гадоў менавіта на такіх аўто АМАП і супрацоўнікі ППСМ патрулявалі горад. За кожны з іх просяць 2300 рублёў.

Больш за ўсё ў аўтапарку УУС знайшлося «Жыгулёў» – адных толькі ВАЗ-2107 на продаж выстаўлена сем штук. Кошт іх не перавышае 1300 рублёў, а прабег у кожнай больш за 200 тысяч кіламетраў. З больш новых мадэляў – мадэлі 22110 і 21150. Лічыцца, што менавіта ВАЗ з’яўляецца базавай машынай для перамяшчэння супрацоўнікаў міліцыі. Сёння іх функцыі выконваюць Geely і Lada Priora.

Адзіны транспарт не расейскай маркі, які прадае УУС, родам з Ірана. За «Саманд» LX 2007 года пакупніку прыйдзецца выкласці 2100 рублёў.

Стаць шчаслівым уладальнікам аўто, на якім ездзілі беларускія змагары за дзяржаўную бяспеку, можна яшчэ танней. За 1479 рублёў вам уручаць ключы ад легендарнай «Волгі» – ГАЗ 3110 2003 года выпуску. Акрамя яе, магілёўскія КГБ-шнікі гатовыя пазбавіцца ад ВАЗ 2107.

Самым дарагім аўтамабілем у спісе з’яўляецца Volkswagen Passat 2002 года. Яго прадае мясцовы Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. За машыну з 80% -ым зносам і прабегам у 333 тысячы кіламетраў пастаўшчык ДФР хоча 9820 рублёў.

ВАЗ 21110
ГАЗ 3110
ГАЗ 3309
SAMAND LX
УАЗ 31519
УАЗ 39099
ВАЗ 2107
ВАЗ 2115
VOLKSWAGEN PASSAT

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *