Дзмітрый Астапаў расказаў, што двое незнаёмых людзей збілі яго з-за майкі з «Пагоняй», а міліцыя не хоча ва ўсім гэтым разбірацца.

22 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі / На фота – Дзмітрый Астапаў ў цэнтры, у жоўтай куртцы


Дзмітрый Астапаў, 24 гады, 31 кастрычніка прыехаў у госці да бацькоў, якія жывуць на вуліцы Астроўскага ў Магілёве. Увечары ён выйшаў пакурыць на вуліцу, калі да яго, паводле ягоных слоў, падышлі двое невядомых людзей.

– Перад пад’ездам было вельмі цёмна, я не заўважыў іх спачатку. На мне была майка з нацыянальнай сімволікай – бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй». Неяк яны падышлі да мяне, спыталі, ці апазіцыянер я. Калі я адказаў станоўча і запытаўся, у чым праблема, адзін з іх паспрабаваў мяне стукнуць, але не атрымалася. Я пачаў уцякаць, але мяне павалілі і пачалі збіваць удваіх. Я закрычаў, яны паспяшаліся збегчы. Напрыканцы адзін з іх заявіў, што наступны раз можа быць апошнім, – распавёў Астапаў MSPRING.ONLINE.

Паводле яго слоў, гэты напад можа быць спланаваным – ён не верыць, што у 2019 годзе чалавека могуць без прычыны збіць у Беларусі за палітычныя погляды. Астапаў ужо каля года ўваходзіць у аргкамітэт па стварэнні БСДП (Народная грамада), арганізацыю апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Ён дапускае, што напад – гэта спроба сілавікоў запалохаць яго.

Дзмітрый спачатку не звяртаўся па медыцынскую дапамогу – кажа, што спачатку з-за псіхалагічнага ўзрушэння не звяртаў увагі на боль. Аднак за некалькі дзён болі ў тэле ўзмацніліся і 3 лістапада ён вырашыў праверыцца ў траўмапункце.

– Лекары пачалі задаваць пытанні, як я атрымаў такія траўмы – яны дыягнаставалі удар грудной клеткі злева, левай паяснічнай вобласці. Я адказаў, як і за што мяне збілі. Лекар па прозвішчы Грудзін пачаў усміхацца з гэтага, пасля чаго выклікаў міліцыю па факце нанясення мне цялесных пашкоджанняў.

Па словах Астапава, яго забралі двое супрацоўнікаў міліцыі на грамадзянскім аўто, пасля чаго адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Там яго, аднак, не зарэгістравалі, не адабралі тэлефон, а правялі ўнутр праз вароты паркоўкі. На працягу некалькіх гадзін, як сцвярджае прыхільнік Статкевіча, з ім напераменку размаўлялі некалькі супрацоўнікаў міліцыі.

– Яны прама казалі, што маю справу ніхто расследаваць не будзе, што пісаць заяву мне няма сэнсу. Абражалі, смяяліся. Мае паказанні яны не запісвалі, самі не прадстаўляліся, – заявіў Астапаў.

Паводле яго слоў, толькі калі ён цвёрда даў зразумець, што будзе пісаць заяву, у РАУС прыехала старэйшы следчы Вольга Башарымава з Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта. Яна зафіксавала паказанні Дзмітрыя Астапава:

– Увесь гэты час супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС былі ў кабінеце, здзекаваліся над апазіцыяй і маёй дзейнасцю. Яны не прадстаўляліся, акрамя Башарымавай, хоць я іх прасіў. Потым мяне павезлі на апазнанне – паказалі некалькі тысяч асоб з базы дадзеных злачынцаў і правапарушальнікаў. Я нікога не пазнаў.

Астапаў лічыць, што супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта спрабуюць замяць справу. Ён кажа, што не былі прагледжаныя вонкавыя камеры відэаназірання, якія размяшчаюцца недалёка ад месца збіцця, а таксама не быў складзены фотаробат тых, хто нападаў.

Судмедэкспертыза пацвердзіла факт збіцця Астапава. У дадзены момант ён чакае, калі будзе скончана праверка і спадзяецца, што Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу.

Таксама ён упэўнены, што сілавікі працягваюць ціснуць на яго, толькі ўжо маральна – па словах Астапава, на працягу некалькіх дзён за ім сачылі з шэрага аўто, якое яму ўдалося сфатаграфаваць.

З-за інцыдэнту, як сцвярджае Дзмітрый, ён страціў працу. Да гэтага ён працаваў у якасці афіцыянта на круізных лайнерах на сезонных работах у ЗША. Калі ён паведаміў працадаўцу аб фізічных траўмах, з ім разарвалі кантракт.