Магілёўскую арку афіцыйна адкрылі. Да яе можна трапіць толькі парушыўшы правілы дарожнага руху (ФОТА)


СОЦЫУМ / Tuesday, October 9th, 2018

А яшчэ ўлады падманулі магілёўцаў з “нацыянальным дэкорам” – яго амаль няма.

9 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў 9 кастрычніка ў прысутнасці чыноўнікаў, школьнікаў і ветэранаў урачыста адкрыў уязную арку на Мінскай шашы.

Уладзімір Цумараў на закладцы капсулы, фота Сяргея Карпекі, city.mogilev.by

Яе павінны былі ўзвесці яшчэ на 15 чэрвеня 2017 года ў гонар 750-годдзя Магілёва, аднак на будаўніцтва аб’екта страцілі на паўтары гады больш, чым планавалася.

Адкрыццё вырашылі прымеркаваць па часе да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Усяго, па дадзеных Упраўлення капітальнага будаўніцтва, на працы выдаткавалі каля 770 тысяч рублёў. Чаму гэта дзіўная лічба, мы падрабязна пісалі для вас вось тут:

Улады дураць нас з аркай? Шэсць пытанняў, на якія мы не пачуем адказу

Разам з урачыстым адкрыццём прайшла закладка капсулы з пасланнем нашчадкам. У ёй будучым пакаленням прадпісваюць”любіць і шанаваць родны горад і памнажаць традыцыі мінулых пакаленняў“.

На фота з дзяржаўных СМІ можна ўбачыць велізарную колькасць чалавек на пляцоўцы перад аркай. Мабыць, іх цэнтралізавана прывязлі на аўтобусах – проста таму, што пешшу да аб’екта законна трапіць нельга. Падыйсці да аркі можна толькі рызыкуючы ўласным здороевьем і парушаючы правілы дарожнага руху. Ніякага пешаходнага пераходу на кальцавой дарозе проста няма. Як няма і падземнага, які першапачаткова прысутнічаў у праекце і ад якога адмовіліся. Сэлфі на месцы можна зрабіць толькі з рызыкай атрымання цялесных пашкоджанняў і штрафаў ад ДАІ.

На аўтамабілі да манумента патрапіць таксама праблематычна – ніякіх парковачных месцаў паблізу няма. Калі вы захочаце пад’ехаць на машыне, то яе давядзецца кінуць на паласе.

Зрэшты, рабочых, якія працавалі над добраўпарадкаваннем аркі, гэта не збянтэжыла. Свой мікрааўтобус яны пакінулі прама на праезнай частке, папярэдзіўшы іншых кіроўцаў пластыкавай каністрай з чырвонай анучкай.

Так, вам не здалося – пасля афіцыйнага адкрыцця працы на арцы працягнуліся. Пры карэспандэнце mspring.online некалькі чалавек прыварвалі парэнчы для пандуса.

Што тычыцца ўладкавання і дэкору, то для аматараў беларускага усё вельмі дрэнна – з нацыянальнага там толькі надпіс “Стваральнікам Магілёва ў гонар 750-годдзя горада”.

Таксама ёсць ужо вядомыя ордэн Леніна і ордэн Вялікай Айчыннай вайны. Побач з кожным з іх ёсць таблічка з тлумачэннямі на рускай мове.

Беларускі арнамент, які павінны былі выкласці пліткай, атрымаўся дзіўным – на жоўтым фоне, прычым канцэпцыя відавочна адрозніваецца ад першапачатковай.

Вы проста параўнайце, колькі арнаменту павінна было быць першапачаткова …

І колькі яго апынулася на самай справе …

У бліжэйшыя дні наўрад ці штосьці моцна зменіцца – падчас Форуму рэгіёнаў ніякіх работ на арцы праводзіць не павінны. І ёсць адчуванне, што ўжо нічога мяняць і не будуць.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *