АМАПавец на судзе над Страхам: “Крычалі Жыве Беларусь, як нацысты”

У Магілёве за Марш недармаедаў аштрафавалі пенсіянера, які даглядае за сынам з інваліднасцю.

28 сакавіка. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі. На здымку – Аляксандр Страх пасля вынясення рашэння


– Калі я чытаю свае вершы, нават мухі не лятаюць – слухаюць. Хто ў Беларусі яшчэ піша вершы пра каханне маракоў? А ніхто. Але ў Магілёве паэт за кратамі! За што? За тое, што прачытаў свае вершы. Але хіба ёсць закон, які забараняе чытаць вершы ў адведзеных месцах? Чаму мяне затрымалі, а сябра партыі “Справядлівы свет”, які таксама выступаў, не? Дэпутата Ігара Марзалюка? Таксама няма!

Аляксандр Страх яшчэ да суда заявіў журналістам і праваабаронцам, што пастараецца пазбегнуць адміністрацыйнага арышту. Сказаў, што сын-інвалід давёў маці і сястру за тыя трое сутак, якія яго трымалі ў ІЧУ. На судзе сябра партыі БНФ не прызнаў, што ён патрабаваў адмены Дэкрэта №3 і выкрыкваў палітычныя лозунгі. На яго думку, ён усяго толькі чытаў вершы і нічога супрацьзаконнага не рабіў:

– Я стары марскі сівы воўк. Я выдатна разумею, што калі я буду парушаць законы, то што тады рабіць маладым людзям?

Аляксандр Страх прадставіў суду ўсе свае дыпломы і ўзнагароды, якія, на яго думку, даказвалі яго высокі культурны, палітычны і сацыяльны статус. Суддзя Ігар Шведаў прылучыў частку з іх да справы, пасля чаго перайшоў да апытання сведак – двух супрацоўнікаў АМАП Барысенкі і Хількевіча. Абодва заявілі, што Страх дазваляў сабе выкрыкваць палітычныя лозунгі і патрабаваў свабоду, але каму ці ад чаго яны так і не сказалі. Затое Барысенка, камандзір роты АМАП, успомніў, як Страх крычаў іншае:

– Я чуў, як вы крычалі “Жыве Беларусь”. А натоўп адказваў “Жыве”, як нацысты, – заявіў амапавец.

Міліцыянт адразу паправіўся, сказаўшы, што крычаць гэтыя словы не забаронена.

Іх можна было крычаць, але не ў такім тоне, – сказаў Барысенка. Які тон больш падыходзіў для мерапрыемства, ён так і не пазначыў.

Яго калега Хількевіч цалкам паўтарыў паказанні свайго камандзіра, дадаўшы, што менавіта з выступу Страху і пачаўся мітынг.

Калі Страх спытаў у Барысенкі, чаму той не папрасіў людзей разысціся, калі акцыя пратэсту была незаконнай, амапавец заявіў, што гэта не ў яго кампетэнцыі.

Аляксандр Страх спрабаваў выклікаць хадайніцтвам у якасці сведкі дэпутата Ігара Марзалюка, які таксама выступаў на мітынгу, аднак Ігар Шведаў не ўбачыў у гэтым неабходнасці.

Перад сыходам суддзі ў дарадчы пакой актывіст яшчэ раз нагадаў пра свайго дзіцяці-інваліда і пра тое, як ён за ім даглядае. Апошнія словы Аляксандр Страх прамаўляў дрыжачым голасам.

На вынясенне рашэння Шведаву спатрэбілася паўгадзіны. Рашэнне ў дачыненні да афіцэра ВМС у запасе атрымалася адным з самых мяккіх ў краіне – яму прысудзілі адміністрацыйны штраф у 7 базавых велічынь.

Я задаволены, што не атрымаў суткі, паколькі ад гэтага б у першую чаргу пацярпеў не я, а маё дзіця, – заявіў Страх пасля заканчэння суда.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў