Прасілі не ўдзельнічаць у мінітынгах і завесці дзяцей. Магілёўскаму актывісту «вярнулі» працу

Магілёўскі металургічны завод усё ж такі падоўжыць кантракт з удзельнікам шматлікіх акцый пратэсту. 

6 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Член аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Станіслаў Паўлінковіч паведаміў журналістам, што па рашэнні спецыяльнай камісіі з ім працягнулі кантракт на 1 год.

Папярэдняе пагадненне сканчвалася ў студзені. Кіраўніцтва ММЗ у лістападзе праінфармавала актывіста, што не мае намеру працягваць з ім кантракт. Як высветліў Паўлінковіч, афіцыйнай прычынай стаў пераслед з боку міліцыі і шматлікія адміністрацыйныя штрафы. Пры гэтым актывіст меў дадзеныя, што на дырэктара прадпрыемства Альберта Цімафеева аказвалі ціск прадстаўнікі сілавых структур горада.

У адказ хлопец звярнуўся ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. 6 снежня на Магілёўскі металургічны завод прыбыла камісія ад БМЗ, якая высветліла у непасрэднага начальніка актывіста, што нараканняў па працы да маладога чалавека няма. Пасля гэтага камісія парэкамендавала дырэктару Альберту Цімафеву працягнуць кантракт з Паўлінковічам.

– Мы з камісіяй размаўлялі пра тыя праблемы, якія я пазначыў у лісце. Прасілі, каб я больш не актыўнічаў на мітынгах. Што, маўляў, яны паважаюць маю грамадзянскую пазіцыю, але гэта не пойдзе мне на карысць. Параілі завесці сям’ю, дет ёй і ўсё такое, – распавёў актывіст.

З Паўлінковічам працягнулі кантракт на адзін год. На ягоную думку, за яго дзейнасцю зараз будуць сачыць асабліва ўважліва:

– Штрафы, суткі, праблемы на працы з-за палітычных перакананняў – усё гэта з’яўляецца інструментам запалохвання насельніцтва, асабліва самай актыўнай яе часткі. Маўляў, працуй, але не рыпайся, інакш жыцця мы табе тут не дамо, – падзяліўся малады чалавек.

Ён сцвярджае, што змяняць свае погляды не збіраецца:

 Няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Сёння ты працуеш – заўтра цябе могуць звольніць, альбо завод зачыніцца і ты таксама апынешся на вуліцы. Кабальная кантрактная сістэма  гэта галоўны рычаг татальнага кантролю над грамадствам.

Станіслаў Паўлінковіч – пастаянны ўдзельнік акцый пратэсту. Увосень гэтага года рашэннем Ленінскага суда Магілёва яму быў прызначаны штраф у 460 рублёў за ўдзел у мітынгу супраць ваенных вучэнняў «Захад-2017».

Акрамя таго, у жніўні ў дачыненні да Паўлінковіча была распачатая крымінальная справа па факце распаўсюджвання парнаграфіі, аднак у кастрычніку справу спынілі, паколькі віна актывіста не была даказаная.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў