Фатограф зладзіла “аголены фотасет” для выратавання магілёўскага лесу

Дар’я Сакалова апублікавала свой фотапраект LUNGS, каб звярнуць увагу на праблемы захавання Пячэрскага лесапарку.

4 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Усе фота – Photo DASH, Дар’я Сакалова


Упершыню праект LUNGS (у перакладзе з ангельскай мовы – “Лёгкія”) быў апублікаваны ў групе фатографа Дар’і Сакаловай Photo Dash “Укантакце”. Затым здымкі выклалі ў паблік Могилев.Live. За трое сутак калекцыя здымкаў з аголенымі дзяўчатамі ў Пячэрскім лесапарку сабрала амаль паўтысячы лайкаў і больш за сотню каментароў. Меркаванні падзяліліся: хтосьці ўбачыў у праекце пошласць, хтосьці – свежы погляд на вырашэнне праблемы.

Па словах Дар’і Сакаловай, ідэя фотапраекта саспела даўно:

– У Магілёве збіраліся подпісы за стварэнне на тэрыторыі былога гадавальніка «Магілёўзяленбуда» паблізу Пячэрскага лесапарку агульнагарадскога парку. Збор подпісаў стартаваў у канцы траўня, і я, як фатограф, вельмі хацела неяк дапамагчы і прымусіць людзей задумацца аб тым, што чалавек робіць і куды гэта прывядзе. Ужо вельмі даўно я выношвала думку пра фотапраект у абарону нашай прыроды. Калі ты паглыбляешся ў праблемы глабальнага пацяплення, змены клімату, становіцца страшна. Дрэвы – як людзі, толькі ўспрыманне свету ў іх нашмат танчэй. Голае цела тут не частка эратычнага кіно, гэта не спосаб для прыцягнення ўвагі да малюнка, усё нашмат глыбей. Аголеная натура сімвалізуе чысціню і нявіннасць, голае цела як голая чыстая душа кожнага ссечанага дрэва. Дрэвы – жывыя, гэта вялікія стварэнні.

Паколькі здымка адбывалася глыбока ў лесе, праблем з лішнімі вачамі не было. І для мадэляў, і для фатографа гэта быў першы досвед “аголенай” здымкі. Больш за тое, яны не былі нават першапачаткова знаёмыя адзін з адным:

Як такога адбору мадэляў не было. Я набірала ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у гэтай справе. Некаторыя дзяўчынкі не змаглі прыехаць з іншых гарадоў. Тут зусім не патрэбныя былі адборныя мадэлі. Сабраліся зусім розныя дзяўчынкі, з рознымі фігурамі, даўжынёй валасоў і колерам скуры. Паралель ж ідзе з дрэвам, а дрэвы ўсё зусім розныя, кожнае са сваімі ранамі, – падзялілася задумай аўтар праекта.

Дар’я Сакалова спакойна ставіцца да таго, што яе праект неадназначна успрынялі ў Інтэрнэце:

– Ні ў воднага твору мастацтва не было адназначнага ўспрымання. Мы ўсе – людзі. У кожнага ёсць сваё бачанне, сваё меркаванне. Я гэта паважаю. Магчыма, некаторыя крыху не зразумелі, што я хацела сказаць гэтымі фатаграфіямі. Некаторыя проста ацэньвалі мадэляў, прыдумлялі сваю гісторыю фатаграфіі. Я дапускаю, што памылкай з майго боку была недаказанасць.

Дар’я лічыць, што горад не гатовы да такіх акцыяў.

– Я думаю, што ў галовах шмат каго застаўся ўплыў савецкага рэжыму. З маладымі людзьмі крыху лягчэй, але ўсё роўна мала хто з той скрыні змог выбрацца і паглядзець на свет іншымі вачыма.

Пры гэтым фатограф ўпэўненая, што чым больш людзей будзе ўважліва ставіцца да праблем нашай цывілізацыі, тым лепш:

– Трэба сваімі сіламі неяк звяртаць увагу на надзённыя пытанні існавання нашай планеты, праз мастацтва, праз актыўны ўдзел у розных фондах, праз перагляд свайго жыцця і адносінаў да навакольнага асяроддзя. Пакуль  мы спажываем і нічога не даем наўзамен нашай прыродзе, яна нас будзе знішчаць. А ўсе мы хочам жыць у гармоніі.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў