«У нас у горадзе калі адзін чалавек захацеў парк – значыць будзе парк»

Першая дыскусія Цэнтра гарадскіх ініцыятыў  “Гарадскі дыялог” была больш падобная на паўтарагадзінны маналог экспертаў.

27 красавіка. Магілёў. Тайм-кафэ «Неба». Ігар Лазоўскі


Дыскусія пра зялёныя зоны 26 красавіка, якая адбылася ў тайм-кафэ «Неба, стала першай з цэлай серыі падобных мерапрыемстваў.

– Мы часта чулі пра тое, што ў горадзе не хапае пляцоўкі для абмеркавання важных праблем, таму вырашылі зрабіць серыю дыскусій, першая з якіх прысвечана праблемам зялёных зонаў і экалогіі, – распавёў напачатку мерапрыемства кіраўнік ЦГІ Юрый Стукалаў.

У якасці экспертаў арганізатары запрасілі лідэра ініцыятывы «Захаваем Пячэрскі лесапарк» Леаніда Платоненку, эколяга Ганну Скрыган, фатографа і валанцёра Міхаіла Капычко, а таксама эколага Мікалая Казакова.

Хоць сустрэча павінна была мець фармат дыскусіі, яе не атрымалася. Замест гэтага эксперты на працягу гадзіны з нечым апісвалі тыя экалагічныя праблемы, з якімі сутыкнуўся Магілёў у апошнія гады. Ганна Скрыган сярод галоўных назвала экалагічную непісьменнасць і адсутнасць адзінства пры вырашэнні праблем:

– Нізкая экалагічная культура даходзіць часам да экалагічнага невуцтва. Акрамя таго, у нас кожны калупаецца ў сваёй прафесійнай малюсенькай вочцы. Ёсць неабходнасць проста паразмаўляць. Вось мы сутыкнуліся з Падміколлем акультурваннем тэрыторыі]. Прафесіяналы пужаюцца, калі ім прыносяць прапановы. Грамадскім ініцыятывам часам не хапае ведаў і кантактаў, якія неабходныя для вырашэння праблемы. Гараджане не так ўдзельнічаюць, як хацелася б. Але дыялог неабходны.

Леанід Платоненка звярнуў увагу залы і іншых экспертаў на тое, што часцяком гараджане не цэняць таго, што ёсць:

– Ёсць такое меркаванне, што нічога ахоўваць не трэба, таму што нічога каштоўнага ў горадзе няма. Але ёсць Пячэрскі лесапарк, які вядомы аж з канца XVI стагоддзя. І захаваўся ён толькі таму, што да 1917 года яго землі належылі епархіі, царкве. Таму яго ня высеклі, не спалілі, не праклалі дарог. А намі гэта ўспрымаецца як дадзенасць – ёсць і ёсць, – панаракаў актывіст.

Зала слухала выступленні спецыялістаў з цікавасцю, але ў дыскусіі уступаць не спяшалася. Невялікае ажыўленне адбылося падчас абмеркавання, хто цяпер адказвае за Пячэрскі лесапарк.

– Раней з ім працавала лясніцтва, потым перадалі «Магілёўзелянбуду». А ў «Магілёўзелянбудзе» кажуць, што ў іх няма людзей, якія маглі б экспертна праводзіць працы з дрэвамі. Таму дрэвы пакутуюць і ад жукоў, і ад усяго астатняга. А лясніцтву калі перададуць, то яны не будуць глядзець за скрынямі і дарожкамі, гэта не іх сфера, – выступіла дзяўчына з залы.

Тэма Пячэрскага лесапарку была асноўнай – так ці інакш усе прыходзілі да высновы, што гэта месца адпачынку трэба ратаваць. Прычым ратаваць ад саміх сябе:

– У нас ужо добраўпарадкавалі Дубравенку. Закаталі ў бетон, а там, дзе білі жывыя крыніцы, зрабілі спускі да вады. Але яны ўсё роўна знаходзяць выхад і таму сцены там вільготныя нават у спякотнае надвор’е. Хачу сказаць, выратуй бог ад такога добраўпарадкавання, – заявіў Леанід Платоненка.

Ганна Скрыган заклікала ўсіх змагацца з наваламі экалагічнымі праблемамі, у тым ліку – і з дапамогай частых дыскусій і выступаў у прэсе. На гэта з залы адказала журналістка Галіна Хітрыкава:

Можна пісаць колькі заўгодна матэрыялаў, можна сустракацца. Але ў нас у горадзе калі адзін чалавек вырашыў, напрыклад, што ў Падміколлі будзе парк, значыць там будзе парк. І зменіцца штосьці толькі тады, калі памяняецца яго меркаванне, – скончыла жанчына.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў