Адміністрацыя прэзідэнта не адважылася патлумачыць словы Лукашэнкі пра Дэкрэт №3

Магілёўскі актывіст Аляксандр Хамратаў вырашыў высветліць, на якой падставе прэзідэнт хоча прымусіць кожнага беларуса працаваць.

9 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


3 жніўня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас заслухоўвання дакладу аб дэмаграфічнай сітуацыі заявіў, што «ніякай адмены Дэкрэта №3 быць не можа»:

– Таму Дэкрэт №3 – гэта 300 тысяч тых [беларусаў], хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалогія, – заявіў ён.

Выступленне прэзідэнта выклікала рэзананс у грамадстве. Магілёўскі актывіст Аляксандр Хамратаў вырашыў высветліць, на падставе якога закону Лукашэнка вырашыў прымусіць беларусаў працаваць.

– Я накіраваў зварот праз спецыяльную форму ў Адміністрацыю прэзідэнта, таму што мяне абурылі яго словы пра тое, што людзі павінны працаваць. Па Канстытуцыі прымусовая праца ў нашай краіне забаронена. Гэта чарговая дурасць ад прэзідэнта, яму ўсё роўна, што казаць перад сваім народам. Вось я і вырашыў яму напісаць, якім законам вызначана, што грамадзянін павінен працаваць, – распавёў Хамратаў.

У адказе з Адміністрацыі прэзідэнта яму пазначылі, што яго зварот падлягае разгляду па сутнасці і будзе перанакіраваны ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэтым крокам, лічыць актывіст, улады прызналі, што прэзідэнт не ў сілах адказаць, чым быў матываваны яго чарговы выступ.

– Мабыць таму, што ён наогул супярэчыць Канстытуцыі. Што тычыцца Мінпрацы, я ўпэўнены, яны дадуць адказ ні пра што, адпіску, – выказаў меркаванне Аляксандр Хамратаў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў