Абласны суд пацвердзіў «незаконнасць» рэпартажу пра бяздомных жывёл

Суддзя Кацярына Вайцянкова пакінула ў сіле штраф у 460 рублёў фрылансерке Аліне Скрэбуновай.

17 кастрычніка. Магілёў. Абласны суд. Алесь Святліцкі


17 кастрычніка ў абласным судзе Магілёва суддзя Кацярына Вайцянкова разгледзела касацыйную скаргу фрылансера Аліны Скрэбуновай, якую аштрафавалі на 20 базавых велічынь за стварэнне сюжэту для «БелСАТ».

Нагадаем, 7 верасьня суддзя Кастрычніцкага раёна Наталля Ясенка прызнала Скрэбунову вінаватай ва ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Па версіі суда і міліцыі, дзяўчына зрабіла сюжэт для тэлеканала «БелСАТ», які выйшаў у эфір 15 ліпеня 2017 года. Ён быў прысвечаны суботніку, які праводзіла Магілёўскае таварыства аховы жывёл «Добрае сэрца» на тэрыторыі спецаўтапрадпрыемства.

На пасяджэнні ў абласным судзе Скрэбунова заявіла пра парушэнні з боку раённага суда.

Пазначана, што я вырабіла прадукцыю СМІ метадам інтэрв’юіравання. Аднак вырабам прадукцыі СМІ займаецца рэдакцыя, проста сырая размова на камеру – гэта не прадукцыя СМІ. Фактычна мне ставяць у віну, што я паразмаўляла з іншым чалавекам, – заявіла Скрэбунова.

Яна звярнула ўвагу на тое, што ўчастковы Шчарбакоў, які вёў яе справу, нават не спрабаваў звязацца з рэдакцыяй «БелСАТ», каб высветліць, ці сапраўды фрылансер рабіла сюжэт. Акрамя таго, міліцыянт парушыў правілы допыту сведак – ён апытаў двух чалавек адначасова, што забаронена законам.

 

– Суддзя Наталля Ясенка ўсе гэтыя факты праігнаравала і вынесла заведама неправасуднае рашэнне, што з’яўляецца крымінальным злачынствам, – адзначыла дзяўчына.

Падчас пасяджэння дзяўчына хадайнічала аб праглядзе роліка, каб суддзя пераканалася, што голас за кадрам не належыць Скрэбуновай. Вайцянкова хадайніцтва задаволіла.

Суддзя задала пытанне, ці знаходзілася дзяўчына у дзень здымкі на тэрыторыі спэцаўтапрадпрыемства. Фрылансер адказала, што пра ўсё распавяла ў сваім слове.

Па выніках пасяджэння Кацярына Вайцянкова вынесла рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі журналісткі.

Пасля суда Скрэбунова заявіла, што зараз параіцца са спецыялістамі, перш чым абскардзіць пастанову абласнога суда. Пры гэтым дзяўчына мае намер дайсці да Камітэта па правах чалавека ААН, калі ёй не ўдасца дамагчыся справядлівага рашэння ў Беларусі.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў