Чарнобыльская гадавіна ў Магілёве: 9 чалавек ля жалезнага крыжа

Афіцыйная ўлада і прадстаўнікі апазіцыі паасобку адзначылі 31-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

26 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – Барыс Бухель


Прадстаўнікі магілёўскіх дэмакратычных сіл адзначылі дзень Чарнобыльскай трагедыі сціплым ускладаннем кветак да Чарнобыльскага крыжа ў раёне Лаўсанаўскіх могілак. Іх было ўсяго шасцёра – сябра Партыі БНФ Зміцер Салаўёў, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, каардынатар МХД у Магілёве Андрэй Бодзілеў, а таксама прадстаўнікі БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, Дзмітрый Люнтаў і Мікалай Залозны. Акрамя іх на мерапрыемстве прысутнічалі праваабаронца Барыс Бухель і два журналісты – усяго 9 чалавек. Гэта менш, чым у мінулым годзе, калі да крыжа прыйшло крыху больш за дзесятак чалавек.

За ўскладаннем кветак з грамадзянскага аўто назіралі двое чалавек у цывільным.

– Сабралася вельмі мала людзей, шкада. Я памятаю час, калі на такія сустрэчы прыходзілі сотні. Аднак зараз не было шырокай агалоскі, таму і атрымалася так, як атрымалася. З кожным годам атрымліваецца ўсё горш і горш, – падзяліўся думкамі Барыс Бухель пасля сустрэчы.

Для параўнання, дзесяць гадоў таму, у 2007-ым, на альтэрнатыўны мітынг аб’яднанай магілёўскай апазіцыі прыйшло амаль пяцьдзесят чалавек. Упершыню Чарнобыльскі крыж быў усталяваны на дзясятую гадавіну катастрофаю – 26 красавіка 1996 года.

Афіцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Чарнобыльскай трагедыі, праходзіла ў іншым месцы – на тэрыторыі Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы, дзе ўсталяваны мемарыял “Мужнасці ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы». Туды прыйшлі прадстаўнікі абласной і гарадской улады, члены БРСМ і «Белай Русі», а таксама іншых праўладных арганізацый.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў