7 рэчаў з мясцовых СМІ пра hate-speech, пра якія добра б ведаць


ПРАВААБАРОНА / Monday, April 2nd, 2018

Расказваем, як менавіта нас не любяць журналісты і не толькі яны.

1 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота з серыі фатографа Барыса Міхайлава «Гісторыя Хваробы» (1998)


Нядаўна нашы сябры з інфармацыйна-аналітычнай группы moloko прадставілі пяцідзесяцістаронкавую справаздачу па маніторынгу hate-speech ў выданнях Магілёўскага рэгіёну. Нават у нас няма часу, каб прайсці вачыма кожны радок. Менавіта таму адзін з аўтараў працы, журналіст Аляксандр Буракоў пагадзіўся расказаць пра самыя цікавыя моманты.

Look, сявок!

На працягу ўсяго 2017 года мы даследавалі разнастайныя папяровыя і электронных СМІ вобласці. Каб нам было прасцей адсочваць тэндэнцыі, мы струшчылі сваю працу па кварталах. Па іх жа рыхтавалі прамежкавыя справаздачы. Мы чакалі, што мова варожасці будзе размеркавана раўнамерна. Але аказалася, што напрацягу года ёсць такія моманты, калі прэса, асабліва раённыя выданні, становяцца талерантней, дабрэй і памяркоўней. Гэта трэці квартал – ліпень, жнівень і верасень. Справа ўся ў тым, што ў гэты перыяд актывізуецца бязлітасная бітва за ўраджай. Месца і часу ў журналістаў для іншых тэмаў практычна не застаецца, а паколькі сельская гаспадарка – гэта не пра ўразлівыя групы, то і колькасць прыкладаў hate – speech меншае, чым у іншых перыядах.

Назвы з інваліднасцю

Перш, чым заняцца маніторынгам 2017 года, мы зрабілі аглядную справаздачу па мове варожасці ў рэгіёне за 2016 год. Нам было цікава паглядзець, ці ёсць якія-небудзь паляпшэння хоць у чымсьці. Ёсць. Слова «інвалід» паступова замяняецца больш карэктным «чалавек з інваліднасцю». Важна, каб на першым месцы стаяў менавіта чалавек, а не яго захворванне. У адваротным выпадку мы проста маніпулюем звыклым наборам стэрэатыпаў, прычым вельмі негатыўных. Добра, што зрухі ёсць, і ўсё больш выданняў ідуць па годным шляху, аднак ёсць адно «але»: у афіцыйнай дакументацыі, назвы і дзяржаўных устаноў фігуруе слова «інвалід». Самы часты выраз – гэта «інвалід n-ой групы».І вось як тут заменіш, калі менавіта такая форма фігуруе ў афіцыйнай крыніцы?На жаль, мы тут сутыкаемся з бюракратыяй.А за ёй людзей не відаць у прынцыпе.

Зводкі асоб міліцэйскай эмацыйнасці

Найбольш жорсткая мова варожасці сустракаецца, калі гаворка заходзіць пра нацыянальнасці. Безумоўным «лідэрам» тут з’яўляецца народ рома, вы іх ведаеце як цыганаў.У многіх газетах мы сустракалі заклікі літаральна тэлефанаваць у міліцыю, калі ў населеным пункце з’явіліся, як яны іх любяць называць, «асобы цыганскай нацыянальнасці». Ужо не ведаю, за што менавіта міліцыя так не любіць народ рома, але ўсё гэта ўзыходзіць ад іх – у газетах ёсць калонкі, падпісаныя супрацоўнікамі МУС.Магчыма, яны лічаць, што такім чынам прэвентыўна змагаюцца са злачынствамі, але выглядае смешна. Па гэтай логіцы, людзям мае сэнс паведамляць у міліцыю, нават калі яны ўбачылі проста іншага чалавека.

Няўжо яны не разумеюць, што калі ў вачах маленькай вёскі яны робяць чалавека або сям’ю патэнцыяльнымі злачынцамі, то добрай сувязі з імі чакаць не трэба?З гэтага нараджаецца нянавісць, а праз нянавісць нараджаюцца злачынства.

Жанчына, я не танцую. Вы, дарэчы, таксама

Калі ты пастаянна чытаеш раённыя газеты, ты ў прынцыпе шмат плачаш ад нуды і безвыходнасці. Але калі ты сустракаеш навіны пра жанчын – пачынаецца гістэрыка.У адной з газет быў надзвычайны загаловак, даслоўна не ўспомню, але нешта накшталт «Моцная птушка крыламі, а жонка – мужам». Вось вы ўявіце, прыязджаюць ва ўмоўны Мсціслаў Ангела Меркель і Хілары Клінтан, а ім заяўляюць, што без мужоў яны былі б так сабе. У Жаны Д’арк па гэтай логіцы жыццё наогул дарэмна прайшло. І гэта толькі адзін з прыкладаў.Вельмі шмат выразаў накшталт «жанчына – захавальніца хатняга ачага» або што галоўнае шчасце ў жыцці жанчыны – гэта дзеці.Атрымліваецца, што калі хтосьці не хоча ці не можа мець дзяцей, то ўсё, шчасце страчана, шанцаў няма, пара гасіць святло і сыходзіць.Гэта вельмі несучасны і некарэктны падыход.

Сацыяльны астракізм

Што асабліва займала мяне, дык гэта стаўленне да сацыяльных груп, якія звычайна апісваюць словам «няшчасныя». У адной бабруйскай газеце быў апублікаваны рэпартаж пра тое, як у адзін з інтэрнатаў бліжэй да ночы заявіўся нарад міліцыі з сабакамі. Усё таму, што там пражывала вялікая колькасць падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Зразумела, што з гэтымі хлопцамі складана працаваць. Але, па-першае, метады выглядаюць дзіка, а па-другое – тое, як усё напісана. І што ў гразі жывуць некаторыя, што не ведаюць, як прыбірацца, што сядзяць па не сваіх пакоях. Гэта ж не злачынства ўсё. Але сам факт таго, што юнакі на ўліку ІСН далі журналісту права ранжыраваць на «горшых»-«лепшых» выглядае вар’яцкі..

Тое ж тычыцца людзей з алкагалізмам.Гэта хвароба з пераліку Міжнароднай класіфікацыі хвароб 10, аднак для нашых газет, асабліва раёнак, гэта падстава павучыць жыццю і пагражаць ЛПП.Прытым, што ў нармальнай дзяржаве ЛПП не было б.

Самае несправядлівае ва ўсёй гэтай гісторыі, на мой погляд, гэта тое, што ў такіх катэгорый людзей няма магчымасці адказаць праз тыя ж газеты.

Ад світання да “Вячэрняга Магілёва

Са станоўчых момантаў у даследаванні мовы варожасці – гарадскія і абласныя выданні Магілёва ў плане пазбягання hate-speech знаходзяцца на вышыні. Вядома, там таксама сустракаюцца прыклады мовы варожасці, але яны вельмі рэдкія і звязаныя, у асноўным, з перадрукаванымі матэрыяламі.

З адмоўных момантаў – «Вячэрні Магілёў».Гэта адзінае выданне на ўсю вобласць, якое свядома робіць мову варожасці часткай сваёй рэдакцыйнай палітыкі і шчыра ў гэтым прызнаецца.Увогуле, зразумела чаму – людзям заўсёды падабаецца трэшак, асабліва калі ён уяўляецца як нешта пазітыўнае, што супрацьстаіць маральнаму раскладанню.Пазіцыя чымсьці падобная са славянафільскіх пазіцый: маўляў, з Захаду на нас прэ ўсё дрэннае, ліберальнае, зухаватае, а мы гэтаму будзем супрацьстаяць традыцыямі і верай.Гэта алагічна, але, думаецца, пастаянных чытачоў газеты гэта задавальняе.

Зрэшты, толькі ў 2017 годзе мы двойчы налічылі, як грамадскі рэзананс вымушаў рэдакцыю ціхенька выдаляць матэрыялы з афіцыйнага сайта. У першы раз артыкул тычыўся дэкрэта аб сацыяльным ўтрыманстве, у якім ваенны юрыст Віктар Кандрацьеў казаў пра тое, што, па-добраму, бічэй трэба было б адстрэльваць. А другі раз – тэма ЛГБТ, дзе вельмі брудна апісвалася крымінальная гісторыя.

Канешне, гэта невялікія перамогі.Дзіўна, што Міністэрства інфармацыі практычна ніяк не рэагуе на «Вячорку».

Анархія-мамка

Гэта з’ява, на якую мы натыкнуліся амаль адразу пасля пачатку вывучэння мовы варожасці ў сакавіку 2017 года.Мы ж усе памятаем, што гэта быў за час – упершыню пасля 2011 года на вуліцы буйных беларускіх гарадоў выйшлі пратэставаць людзі.Дык вось, мы ўпершыню сталі сведкамі, калі ўся дзяржаўная прэса адначасова і кропкава служыць прапагандысцкай зброяй.Уся справа ў тым, што ў «СБ.Беларусь Сегодня»напрацягу кароткага часу з’явілася два матэрыялы -«Не будзіце ліха…»і«Анархія – маці небяспечнай смуты».Абодва зроблены досыць сякерна, тэндэнцыйна і мелі на мэце дыскрэдытаваць пратэсты і пераканаць людзей сядзець па хатах.Звычайная справа.Але цікава тое, што на наступны дзень пасля з’яўлення кожнага з матэрыялаў, раённыя і абласныя выданні пад капірку перацягвалі тэкст сабе.І выглядала гэта шыкоўна, асабліва ў якой-небудзь раённай газеце на чатыры паласы, адна з якіх цалкам аддадзена пад перадрук з «СБ».На сайты матэрыялы змясцілі таксама на працягу сутак.Самі матэрыялы проста кішэлі элементамі hate-speech і маніпулятыўныя прыёмамі, так што ў нашых справаздачах мы прысвяцілі ім асобны раздзел.

Што нас турбуе ў сувязі з гэтым – гэта лішні доказ таго, што незалежная прэса займае адносна невялікі сегмент медыясферы.У райцэнтрах газета райвыканкама часцяком галоўная крыніца інфармацыі.Такім чынам, калі ідзе такая масавая прапагандысцкая акцыя з боку дзяржавы, людзі цалкам сабе на яе вядуцца.

Даведацца больш пра hate-speech у рэгіянальнай прэсе можна падрабязней з маніторынгу.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *