Пяць прэтэнзій да беларускіх судоў. Коратка


ПРАВААБАРОНА / Monday, February 5th, 2018

Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў, які ў 2017 годзе пабываў амаль на паўсотні розных працэсаў, распавядае пра тое, што яго больш за ўсё не задавальняе ў судовай сістэме краіны.

5 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Міжнародная няўрадавая арганізацыя World Justice Project, якая з 2010 года ацэньвае выкананне правоў і законаў у 113 краінах свету, засведчыла пагаршэнне становішча ў Беларусі. Галоўны правал, па думку экспертаў, звязаны з пагаршэннем празрыстасці дзеянняў інстытутаў улады, практыкай правапрымянення законаў і грамадзянскім правасуддзем. Па ўсіх гэтых параметрах краіна адкацілася мінімум на дзевяць пазіцый.

Значная частка рэйтынгу складаецца на падставе дзейнасці судовай сістэмы. Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў ўжо некалькі гадоў звяртае ўвагу на парушэнні і недахопы ў працы суддзяў, таму вынікам маніторынгу World Justice Project не здзіўлены. Па нашай просьбе ён назваў пяць галоўных перашкод, якія не дазваляюць беларускім судам рабіць сваю працу добра.

1
Рэйтынг Беларусі мог бы быць яшчэ ніжэй, калі б у грамадзян Беларусі была б магчымасць звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, але пакуль мы не з Савеце Еўропы, у нас такой магчымасці не будзе. ЕСПЧ мог бы адмяніць мноства рашэнняў беларускіх судоў. І менавіта з гэтай прычыны Расія ў рэйтынгу апынулася ніжэй Беларусі. Але затое на справе магчымасцяў абараніць свае правы ў расейцаў куды больш, чым у Беларусі, і магчымасць атрымаць кампенсацыю таксама.

2

Абсалютная залежнасць судовай сістэмы ад Адміністрацыі прэзідэнта. Суддзі прызначаюцца прэзідэнтам па ягоным меркаванні, ён таксама мае права вызваліць суддзю ад пасады. Усё гэта сведчыць пра адсутнасць незалежнасці ў ажыццяўленні правасуддзя згодна закона.

3

Даволі часта, на мой погляд, суды першай інстанцый выносяць рашэнні, якія не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Гэта так званыя неправасудныя рашэнні. Іх вынясенне прымушае грамадзян марнаваць свой асабісты час і матэрыяльныя сродкі на абскарджанне гэтых рашэнняў, пры ўмове, што нават у выпадку выйгрышу гэтыя сродкі не кампенсуюцца – такая практыка.

4

Заганная практыка падвойных стандартаў ва ўсіх судах Беларусі, у тым ліку і ў Вярхоўным судзе. Абсалютна аднолькавыя сітуацыі могуць вырашацца судамі зусім процілегла. У маёй практыцы быў выпадак, калі рашэнне аднаго намесніка старшыні Вярхоўнага суда супярэчыла рашэнню іншага намесніка гэтага ж суда. Гэта я звязваю толькі з тым, што ўлада перш за ўсё разглядае інтарэсы дзяржавы, а не асобна ўзятага грамадзяніна або арганізацыі. Пра суды першай інстанцыі наогул мала добрага я магу асабіста сказаць – двайныя стандарты там паўсюль.

5

Кантроль і нагляд за судовай дзейнасцю з боку Міністэрства юстыцыі быў скасаваны ўказам прэзідэнта. Гэта значыць, што адсутнічае падзел уладаў пры ажыццяўленні і здзяйсненні правасуддзя або дзеянняў, звязаных з гэтым. Раней скаргу на суддзю можна было напісаць ва Упраўленьне юстыцыі, і гэтыя скаргі разглядаліся больш аб’ектыўна і не прадузята. Зараз жа кантроль за судамі ажыццяўляецца вышэйстаячымі судамі, а ў вышэйстаячых судах стаяць выхадцы з раённых судоў, якія неахвотна прызнаюць прамашкі сваіх калегаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *