Праваабаронцы і актывісты раздалі газеты пад наглядам спецслужбаў і АМАПу

Раздача спэцвыпуску “Народнай волі”, прысвечанага 31-ай гадавіне Чарнобыльскай трагедыі, выклікала ажыятаж сярод праваахоўнікаў у спартыўных касцюмах.

26 красавіка. Магілёў. Падземны пераход каля БРУ. Алесь Святліцкі


Магілёўскія праваабаронцы адзначылі дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС бясплатнай раздачай спэцвыпуску газэты “Народная Воля”. Да Барыса Бухеля і Аляксандра Буракова далучыліся актывісты з грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў – Андрэй Бодзілеў, Мікіта Фартух, Аляксандр Шаўцоў і Дзмітрый Люнтаў.

З-за дажджу было прынята рашэнне раздаваць газеты ў падземным пераходзе на скрыжаванні вуліцы Піянерскай і праспекта Міра, як і ў мінулы раз.

Праз пятнаццаць хвілін пасля пачатку раздачы ў падземным пераходзе з’явіліся невядомыя, якія пачалі здымаць тое, што адбываецца на відэа. Адзін спрабаваў рабіць гэта незаўважна пры дапамозе тэлефона, другі рабіў гэта адкрыта на відэакамеру.

–  Яны з’явіліся раптоўна, мужык у чорным спартыўным касцюме аж ва ўпор падбег, каб зняць на камеру. Малады хлопец спрабаваў канспіравацца і здымаў на смартфон, прыціскаючы яго да грудзей. Прыемна, калі людзі спрабуюць захаваць цябе на памяць, таму мы вырашылі зрабіць ім такую ж прыемнасць і дасталі сваю фотакамеру. Аднак яны чамусьці не ўзрадаваліся і ўсяляк імкнуліся схаваць свае твары. Праз нейкі час з’явіліся людзі ў спартовым ў розных канцах падземнага пераходу – хутчэй за ўсё, амапаўцы. Яны стаялі і проста назіралі. Каб мужыкам не было сумна, прапанаваў газеты і ім. Узялі, нармальныя пацаны. Пачыталі. Асабліва міла было, калі да іх спусціўся іх старэйшы ў берцах. У руках ён трымаў красовачкі, у якіх да гэтага некалькі разоў прабягаў міма нас. Ніхто не хаваўся, паўтары гадзіны мы раздавалі, паўтары гадзіны яны чакалі, потым трохі нас правялі да аблвыканкама, пагрузіліся ў зялёную “Газель” і з’ехалі, – распавёў падрабязнасці Аляксандр Буракоў.

Па словах праваабаронцаў, каманда раздала амаль паўтысячы асобнікаў.

– З-за дажджу ў многіх былі парасоны, таму людзі часта адмаўляліся. Некаторыя адмаўляліся, калі бачылі, што гэта менавіта “Народная воля”. Некаторыя бралі з задавальненнем.

У бліжэйшы час спэцвыпускі “Народнай волі” будуць таксама даступныя ў грамадскім цэнтры “Кола”, а таксама на офісах палітычных партый і незалежных прафсаюзаў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў