Чалавеку, чыё злачынства «за суткі раскрыў» Аляксандр Лукашэнка, далі 21 год


СОЦЫУМ / Friday, May 11th, 2018

Прысуд абскарджанню не падлягае.

11 мая. Менск. Алесь Святліцкі. Фота – tut.by


Праз дзевяць гадоў пасля забойства, Вярхоўны суд усё ж такі вырашыў пасадзіць Юрыя Іванова на 21 год у калонію ўзмоцненага рэжыму. На думку судовай калегіі, віна мужчыны даказваецца адбіткамі пальцаў на бутэльцы гарэлкі і кубку ў доме забітай Святланы Паддубскай, а таксама біялагічным матэрыялам пад яе пазногцямі.Акрамя таго, у Юрыя адсутнічае алібі на час здзяйснення злачынства.Таксама ён не прайшоў праверку на дэтэктары хлусні пасля затрыманьня.

Іваноў сваю віну не прызнаў.

Яго маці, Святлана Іванова, лічыць, што «прэзідэнт ведае толькі адзін бок»:

– Да лістапада месяца адвакат мяне запэўніваў, што ў следства на майго сына нічога няма. У студзені высветлілася, што справай заняўся прэзідэнт, і справа прыняла іншы абарот, – распавядала яна mspring. online.

Нагадаем, у 2009 годзе ў Магілёве нажом забілі дзяўчыну. Па падазрэнні ў забойстве затрымалі былога мужа забітай і Юрыя Іванова. Па меры прасоўвання следства Іваноў застаўся адзіным падазраваным. У 2010 годзе Магілёўскі абласны суд апраўдаў мужчыну. Той пераехаў у Расію. У яго з’явілася дзіця.

Улетку 2017 года яго затрымалі і даставілі ў Беларусь. Як высветлілася ў лютым, прычынай стаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка – да яго звярнуўся бацька забітай дзяўчыны з просьбай пакараць Іванова:

«Я сеў і сам за суткі вывучыў справу. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расследаваць гэтую крымінальную справу. Мярзотніка знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск, распачалі зноў крымінальнаую справу, пачалі расследаваць. Пры тым я кантраляваў увесь гэты працэс. І   аказалася, што ён   – забойца. А яго фактычна апраўдалі», – заявіў Лукашэнка падчас публічнага размовы са старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам.

Прысуд абскарджанню не падлягае.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *