У Магілёве з’явіцца алея «100 гадоў ВЛКСМ»


СОЦЫУМ / Friday, September 28th, 2018

Ордэн Леніна на арцы, святкаванне юбілею ВЛКСМ – мы дакладна у 2018?

28 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Згодна з дакументам, які называецца «План мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі», кастрычнік для Магілёва стане сапраўды чырвоным.

Па дзяржустановах правядуць Адзіны дзень інфармавання на тэму юбілею ВЛКСМ. У школах і бібліятэках правядуць спецыяльныя выставы на тэму камсамольскага жыцця. БРСМ правядзе сустрэчу з ветэранамі камсамольскага руху ў сваіх арганізацыях. У межах арт-праекта ў вокнах цэнтральнай гарадской бібліятэкі зладзяць выставу камсамольскіх плакатаў.

Галоўным мерапрыемствам стане канцэрт «Гэта наша з табой біяграфія». Нарэшце, каб памяць пра 100-гадовы юбілей камсамола засталася ў Магілёве назаўжды, кіраўніцтва горада разам з былымі камсамольцамі і моладдзю высадзіць ў гонар даты цэлую алею.

29 кастрычніка магілёўцаў павіншуюць гукавымі ролікамі у транспарце – у гэты дзень у 1918 годзе быў утвораны Расійскі камуністычны саюз моладзі (РКСМ).

Адказвае за арганізацыю камсамольскага юбілею асабіста старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў – у жніўні ён узначаліў аргкамітэт па падрыхтоўцы мерапрыемстваў.

Акрамя яго, у склад увайшлі ягоная намесніца Ала Галушка і адразу пяць начальнікаў упраўленняў гарвыканкама. Усяго ў аргкамітэце 18 чалавек, у асноўным чыноўнікі і пенсіянеры.

Святкаваць юбілей камсамола вырашылі па ўсёй Беларусі яшчэ ў лютым гэтага года. Адпаведны ўказ падпісаў прэм’ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў. Узначаліў падрыхтоўку да свята камуніст Ігар Карпенка, міністр адукацыі.

Аднак да Беларусі стварэнне ВЛКСМ ніякага дачынення не мае. Арганізацыя была створана 29 кастрычніка 1918 гады як Расійскі камуністычны саюз моладзі (РКСМ). Менавіта стагоддзе гэтай даты будзе святкаваць Магілёў.

РКСМ быў створаны партыяй бальшавікоў для ажыццяўлення шырокамаштабных дзеянняў, у тым ліку для барацьбы за ўладу ў Расіі і барацьбы з Белай гвардыяй.

Пазней у абрэвіятуру РКСМ дадалі Л – так раскамсамол стаў яшчэ і ленінскім. Канчаткова Усесаюзным ленінскім камсамолам арганізацыя стала ў 1926 годзе.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *