Warning: sprintf(): Too few arguments in /homepages/8/d572777540/htdocs/mspring.online/wp-content/themes/knight/assets/libraries/breadcrumbs/breadcrumbs.php on line 252

Сёння раніцай з магілёўскага ІЧУ выйшаў на волю актывіст Андрэй Бодзілеў. Ён адбываў 7-сутачны арышт, якім яго пакараў суд Кастрычніцкага раёна (суддзя Дзяніс Кічыгін) за нібыта “ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу” – 5 траўня ён вёў відэаздымку акцыі, што адбывалася на Віцебскім праспекце ў Магілёве.

Прапануем вам кароткае інтэрвію з Андрэем Бодзілевым.

 

Вітаем на волі!

– Дзякуй! Дзякуй усім за падтрымку, было вельмі прыемна адчуваць неабыякавасць з боку грамадства.

 

– Раскажы пару словаў пра сваё затрыманне, што найбольш уразіла ў няволі?

– Найбольш уразіла знаходжанне ў РАУС. У кастрычніцкім РАУС мяне пратрымалі ў так званым “стакане” каля 12 гадзінаў, гэта былі самыя кепскія гадзіны падчас усіх гэтых сутак у няволі. Мяне затрымалі а 8:40 12 траўня, а ў ІЧУ я патрапіў толькі аб 11-й вечара. За гэты час не было магчымасці хоць нешта паесці, ніхто пра гэта мне не сказаў ні слова. Адно што пару раз выводзілі папіць вады. У ІЧУ, позна ўвечары, натуральна, таксама ўжо было немагчыма атрымаць харчаванне. Трэба сказаць, што і стаўленне з боку асобных супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС было не вельмі добрым.

 

– А што ў ІЧУ, як там сітуацыя?

– А вось у ІЧУ ужо было ветлівае стаўленне, ніякай знявагі. У камерах (там я увесь час знаходзіўся адзін) дастаткова халодна – з вокнаў ПВХ выцягнутыя ручкі, каб іх было немагчыма адчыніць. І ў гэтыя адтуліны свішча вецер, так што арыштаваныя затыкаюць іх туалетнай паперай. Самі вокны не цалкам празрыстыя, праз іх бачныя толькі расплывістыя контуры таго, што знаходзіцца звонку.

 

– Што наконт харчавання?

– Ежа нармальнай якасці, адно што на вячэру чамусці не даюць нічога папіць. На сняданак даюць гарбату, на абед – кампот, а на вячэру нічога.

У камерах чыста, санітарныя ўмовы ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 патрымліваюцца – тройчы на дзень выдаецца апрацаваная дэзінфікуючым сродкам швабра, каб арыштанты самастойна памылі свае камеры. Таксама рэгулярна апрацоўваюцца ручкі і замкі камер. Супрацоўнікі працуюць у масках, падчас дагляду – у пальчатках (а калі даглядаюць ежу – мяняюць пальчаткі на новыя). Дэзінфікуюцца таксама і лаўкі ў “дворыках” для прагулак, на якіх сядзяць арыштаваныя.

 

– На прагулкі выводзілі?

– Так, штодня. “Дворык” – гэта такі квадрат прыблізна 3х3 метры, над галавой – закратаванае неба. Свежага паветра, натуральна, хапае, але падчас “прагулкі” нічога не пабачыш, акрамя “неба у кратку”. Ну і можна было адчуць пах яблынькі, што цьвіце за сцяной.

– Падчас твайго зняволення з тваімі акаўнтамі ВКонтакте адбываліся дзіўныя рэчы

– Так, хутчэй за ўсё, да іх быў атрыманы доступ нейкімі асобамі з дапамогай майго тэлефону. Тэлефон, трэба адзначыць, у мяне забралі супарцоўнікі міліцыі 12 траўня, і ўвесь гэты час ён знаходзіўся недзе у іх. Відаць, быў зроблены пераход з тэлефону па нейкай шкоднаснай спасылцы і пасля атрыманы кантроль над акаўнтамі.

13 траўня было знішана ўсё на маёй асабістай старонцы – пасты, фатаграфіі, яе спрабавалі прадаць за 40 расейскіх рублёў. Маім сябрам ВКонтакте спрабавалі задаваць дзіўныя пытанні, спрабуючы выведаць нейкую інфармацыю пра мяне.

З групы “За здаровы Магілёў” таксама былі выдаленыя ўсе пасты, але ўсе ўдзельнікі групы захаваліся. Доступ да акаўнтаў я ўжо аднавіў.

Не магу сказаць, што гэта ўсё рабіла міліцыя, напэўна – нейкія нашы спецслужбы гэтым займаюцца. Не ведаю нават, як гэта назваць – ці то помста, ці то здзек нейкі, спроба “падлянку кінуць” нейкую. Проста нешта неадэкватнае адбылося, на маю думку.

 

– Ці будзеш нейкім чынам рэагаваць на гэтую гісторыю з акаўнтамі?

– Я яшчэ параюся з праваабаронцамі наконт таго, што тут можна зрабіць. Але моцна сумняюся, ці мае сэнс зараз звяртацца да той жа міліцыі, якая і валодала маім тэлефонам падчас майго зняволення. Няма даверу ні да праваахоўчых органаў, ні да судоў. Баюся, што ў гэтым мала сэнсу, проста пустое марнаванне часу.

 

– Дзякуй!